Папа на “Анёл Панскі”: Бог не стварыў нас для магілы
Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:
“Дарагія браты і сёстры, добры дзень! Евангелле Пятай нядзелі Вялікага посту распавядае пра ўваскрасенне Лазара (Ян 11, 1-45), які быў братам Марты і Марыі. Яны былі вельмі блізкімі сябрамі Езуса. Калі Ён прыйшоў у Бэтанію, Лазар ляжаў мёртвы ўжо чатыры дні. Марта выбегла сустрэць Настаўніка і сказала яму: “Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой” (Ян 11, 21). Езус адказаў ёй: “Уваскрэсне брат твой” (Ян 11, 23); і дадаў: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” (Ян 11, 25). Езус выяўляе сябе як Пан жыцця, як Той, хто можа даць жыццё нават памерлым. Потым прыйшлі Марыя і іншыя людзі, усе ў слязах, а затым, як гаворыцца ў Евангеллі, Езус “глыбока ўзрушыўся (...) і заплакаў” (Ян 11, 33. 35). З гэтай трывогай у душы Ён пайшоў да магілы, падзякаваў Айцу, Які заўсёды Яго слухае, загадаў адкрыць магілу і гучна закрычаў: “Лазар, выйдзі вонкі!” (Ян 11, 43). І выйшаў Лазар, “з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю” (Ян 11, 44).
У гэтым евангельскім урыўку мы бачым, што вера чалавека і ўсемагутнасць Божай любові шукаюць адно аднаго і ў рэшце рэшт сустракаюцца. Гэта як вуліца з двухбаковым рухам: чалавечая вера і ўсемагутнасць Божай любові шукаюць адно аднаго і, нарэшце, сустракаюцца. Мы бачым гэта ў крыку Марты і Марыі, а таксама ў нашым: “Калі б ты быў тут...”. І адказ Бога – гэта не прамова, а Езус: “Я – уваскрасенне і жыццё ... Паверце! Працягвайце верыць пасярод плачу, нават тады калі смерць, здаецца, перамагла. Адсуньце камень з вашага сэрца! Дазвольце Божаму Слову вярнуць жыццё туды, дзе пануе смерць”.
Таксама сёння Езус паўтарае нам: “Адсуньце камень”. Бог не стварыў нас для магілы, ён стварыў нас для прыгожага, добрага і радаснага жыцця. “Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць” (Мдр 2, 24), гаворыцца ў Кнізе Мудрасці, а Езус Хрыстус прыйшоў вызваліць нас з яе няволі.
Пан патрабуе, каб мы выдалілі гэтыя камяні з нашага сэрца, і тады жыццё зноў будзе квітнець вакол нас. Хрыстус жыве, і тыя, хто Яго прымае і трымаецца Яго, уступаюць у кантакт з жыццём. Без Хрыста і па-за Хрыстом не толькі жыцця няма, але і мы тонем у смерці.
Уваскрасенне Лазара таксама з’яўляецца знакам адраджэння, якое адбываецца ў верніка праз хрост, праз поўнае ўкараненне ў пасхальную таямніцу Хрыста. У выніку дзеяння і сілы Святога Духа хрысціянін становіцца чалавекам, які працягвае жыццё як новае стварэнне: істота для жыцця, якая імкнецца да жыцця.
Няхай Панна Марыя дапаможа нам быць спачувальнымі, як яе Сын Езус, Які асабіста перажывае нашы пакуты. Няхай кожны з нас будзе блізкім да тых, хто знаходзіцца ў цяжкасцях, становячыся для іх адлюстраваннем любові і пяшчоты Бога, якая вызваляе ад смерці і вядзе да перамогі ў жыцці”, - сказаў Папа.
Завяршаючы нядзельную сустрэчу, Францішак заклікаў вернікаў не забывацца маліцца за яго і паабяцаў сваю малітву за кожнага.