Пантыфік: для ратавання прыроды важныя нават самыя малыя жэсты
Выданне “Зялёны алфавіт папы Францішка. Выратаваць зямлю і жыць шчасліва” (L’alfabeto verde di Papa Francesco. Salvare la Terra e vivere felici) з’яўляецца практычным дапаможнікам, напісаным на падставе энцыклікі Францішка “Laudato si’”.
У прадмове Святы Айцец заклікаў да змены ладу жыцця. Ён нагадаў пра наступствы штодзённых звычак людзей і пра тое, што эканамічныя рашэнні, якія прымаюцца ў адным рэгіёне планеты, маюць уплыў на іншыя. “Мы звязаны і застаёмся часткай большага цэлага”, - напісаў Папа.
Пантыфік звярнуў увагу на праявы дэградацыі навакольнага асяроддзя: павышэнне тэмпературы вады ў морах і акіянах, раставанне ледавікоў, забруджванне атмасферы, катаклізмы і стыхійныя бедствы, якія вымушаюць цэлыя народы і мільёны людзей пакідаць родныя землі.
“Усё гэта азначае, што наступныя пакаленні атрымаюць у спадчыну знішчаны свет. Ці справядліва, што яны будуць расплачвацца за безадказнасць нашых сучаснікаў?”, - задаў рытарычнае пытанне Папа.
Францішак заклікаў да неадкладных дзеянняў, усведамляючы, што каштоўнымі з’яўляюцца нават самыя нязначныя жэсты на карысць аховы навакольнага асяроддзя. “Кожны можа змяніць і павярнуць назад рух, які вядзе да знішчэння нашага супольнага дому”, - сцвердзіў Святы Айцец.