Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: для ратавання прыроды важныя нават самыя малыя жэсты

“Яшчэ ёсць час, каб змяніць бег у кірунку прорвы. Патрэбна рэвалюцыя знізу, якая пачынаецца з штодзённых рашэнняў”, - напісаў Папа ў прадмове да кнігі ватыканіста “Il Messaggero” Франка Джасольдаці.

Выданне “Зялёны алфавіт папы Францішка. Выратаваць зямлю і жыць шчасліва” (L’alfabeto verde di Papa Francesco. Salvare la Terra e vivere felici) з’яўляецца практычным дапаможнікам, напісаным на падставе энцыклікі Францішка “Laudato si’”.

У прадмове Святы Айцец заклікаў да змены ладу жыцця. Ён нагадаў пра наступствы штодзённых звычак людзей і пра тое, што эканамічныя рашэнні, якія прымаюцца ў адным рэгіёне планеты, маюць уплыў на іншыя. “Мы звязаны і застаёмся часткай большага цэлага”, - напісаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на праявы дэградацыі навакольнага асяроддзя: павышэнне тэмпературы вады ў морах і акіянах, раставанне ледавікоў, забруджванне атмасферы, катаклізмы і стыхійныя бедствы, якія вымушаюць цэлыя народы і мільёны людзей пакідаць родныя землі.

“Усё гэта азначае, што наступныя пакаленні атрымаюць у спадчыну знішчаны свет. Ці справядліва, што яны будуць расплачвацца за безадказнасць нашых сучаснікаў?”, - задаў рытарычнае пытанне Папа.

Францішак заклікаў да неадкладных дзеянняў, усведамляючы, што каштоўнымі з’яўляюцца нават самыя нязначныя жэсты на карысць аховы навакольнага асяроддзя. “Кожны можа змяніць і павярнуць назад рух, які вядзе да знішчэння нашага супольнага дому”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 верасня 2019, 14:36