Пошук

Арцыбіскуп-мітрапаліт Львоўскі Мечыслаў Макшыцкі Арцыбіскуп-мітрапаліт Львоўскі Мечыслаў Макшыцкі  (M. Krawiec)

Арцыбіскуп Львоўскі: наша зброя ў барацьбе за мір – малітва

"Мы воіны Бога, але змагаемся не з вінтоўкай у руках, а з ружанцам. Не на полі бою, а на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам”, - падзяліўся ў інтэрв'ю з нагоды другой гадавіны вайны ва Украіне арцыбіскуп-мітрапаліт Львоўскі Мечыслаў Макшыцкі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Сілу, надзею і веру мне дае тое, што я бачу, што Божы провід нас не пакідае, і што ў людзей вельмі шмат веры”, – адзначыў арцыбіскуп Макшыцкі ў інтэрв'ю Vatican News, падкрэсліваючы, што ў гэты цёмны час уся Украіна агорнутая ланцугом малітвы, асабліва за тых, хто змагаецца за свабоду Радзімы.

У сваім разважанні пра бягучыя падзеі, ён падзяліўся евангельскімі словамі аб дрэве і яго пладах: “Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе.” Гэтыя словы “дазваляюць нам судзіць аб учынках тых, хто ідзе за злом і прыносіць горкі плён іншым. Нават калі яны кажуць, што хочуць абараняць і вызваляць, мы бачым, што гэта не так. Замест міру яны спараджаюць вайну. Замест любові – нянавісць. Замест спакою – страх. Гэта іх плод, горкі і даўкі. Можна без сумневу казаць, што ў іх няма дабра, яны з'яўляюцца дрэнным дрэвам, а іх плод –злачынства Каіна. Балюча, што праз дзесяцігоддзі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны нам зноў даводзіцца адстойваць свабоду і разважаць над тым, што чалавек не можа, а магчыма, не хоча памятаць пра зверствы, якія пакінула пасля сябе тая вайна. Аднак мы вельмі добра памятаем, большасць з нас толькі з гісторыі, але сярод нас усё яшчэ ёсць людзі, якія памятаюць з асабістага досведу пра той час”, - сказаў арцыбіскуп Макшыцкі.

Іерарх распавёў, што на людзей і гарады працягваюць падаць ракеты і дроны. Працягваюць гінуць салдаты і мірныя жыхары. Многія атрымліваюць раненні, страчваюць свае дамы, губляюць сродкі да існавання і працу: “Усё гэта вядзе да страху, да трывогі, няўпэўненасці. Шматлікія дзеці, дарослыя, у тым ліку святары, упадаюць у адчай, у дэпрэсію, псіхічна захворваюць. У гэтай сітуацыі Касцёл спяшаецца да ўсіх з дапамогай. Мы дапамагаем салдатам праз капеланскае служэнне, арганізоўваем гуманітарную дапамогу, дастаўляем прадукты харчавання, медыкаменты, рыштунак і нават дапамагаем купляць дроны. Мы працягваем прымаць уцекачоў, арганізоўваем гуманітарную дапамогу і адпраўляем яе ў зоны баявых дзеянняў. Аказваем падтрымку бедным сем'ям у нашых парафіях. Вядзем больш шырокую душпастырскую дзейнасць, каб умацаваць веру і надзею.”

Спасылаючыся на евангельскія словы святога Якуба “Нехта сярод вас пакутуе? Няхай моліцца” (Як 5, 13), арцыбіскуп Львоўскі падкрэсліў: “Без сумневу, нас напаткала няшчасце, якім з'яўляецца вайна. Таму гэтыя словы апостала з'яўляюцца для нас заклікам і задачай. Гэта тое, што сёння мы можам даць нашым блізкім і ўсёй Украіне. Наша малітва павінна нагадваць дым кадзіла, які заўсёды ўзносіцца толькі ў адным кірунку: ад зямлі да нябёсаў. Яна павінна быць голасам аднаго сэрца і аднаго духу”.

На пытанне пра плён прысвячэння Украіны і Расіі Багародзіцы іерарх адказаў: “Адразу пасля акту прысвячэння Расіі і Украіны, якое Францішак здзейсніў у Ватыкане, а мы – у нашых парафіях і дыяцэзіях, мы ўбачылі, што ў першую ж суботу расійская армія адступіла ад Кіева. Фацімская Багародзіца заклікала да малітвы, пакаяння і навяртання. Мы таксама бачым гэта ў многіх вернікаў нашага Касцёла, а таксама і іншых абрадаў і канфесій. Людзі бачаць, што адзінае збаўленне – у Богу, што толькі цуд можа выратаваць Украіну”.

Мітрапаліт Макшыцкі распавёў пра адзін выпадак на фронце. Падчас бою ў украінскіх вайскоўцаў скончыліся боепрыпасы. Убачыўшы набліжэнне праціўніка, яны пачалі развітвацца адно з адным, ведаючы, што гэта канец. Адзін з украінцаў, чыя сям'я ў гэтыя дні хавала дзядзьку, які таксама загінуў на вайне, пачаў маліцца: "Божа, зрабі што-небудзь, бо мая сям'я не перажыве двух пахаванняў!” Рускія салдаты спыніліся, развярнуліся і пайшлі назад. "Для яго і для нас гэта сапраўдны цуд, знак Божага ўмяшання", - дадаў іерарх.

У надзвычай складаным становішчы, у якім апынулася Украіна, малітва надае моцы. “Сёння, калі вайна стала рэальнасцю, нам трэба яшчэ больш прыціснуцца да крыжа і заставацца пад гэтым знакам любові і збаўлення, знакам перамогі жыцця над смерцю, любові над нянавісцю, праўды над хлуснёй, пакоры над эгаізмам. У гэты цяжкі час Украіна таксама мае патрэбу ў далейшай салідарнасці і добрых сэрцах”, - сказаў арцыбіскуп Макшыцкі, карыстаючыся магчымасцю, каб падзякаваць усім святарам, кансэкраваным асобам і вернікам ва Украіне і за яе межамі, асабліва ў Польшчы, “за іх выдатную пазіцыю любові”.

20 лютага 2024, 11:49