Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (ANSA)

Дзяржсакратар: біскупы свабодныя выказвацца пра сітуацыю ў краіне

Удзел Папы ў сесіі G7, права біскупаў каментаваць сітуацыю ў краіне, важнасць удзелу ў выбарах – тэмы, якія кардынал П’етра Паралін пракаментаваў падчас размовы з італьянскімі журналістамі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзяржаўны сакратар адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ на палях прэзентацыі кнігі, прысвечанай італьянскаму святару, ксяндзу Луіджы Джусані, якая прайшла 6 чэрвеня 2024 года ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме.

У сувязі з запланаваным на 14 чэрвеня 2024 года ўдзелам Францішка ў сесіі Вялікай сямёркі, якая пройдзе ў Борга-Эньяцыа, у рэгіёне Апулія, на поўдні Італіі, журналісты спыталіся ці адбудзецца асабістая сустрэча Святога Айца з Прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

“Я думаю, што так. Папа прысвеціць час на некаторыя двухбаковыя сустрэчы з прэзідэнтамі і кіраўнікамі ўрадаў, якія папрасілі яго аб гэтым”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка. Адказваючы на пытанне пра змест звароту Святога Айца да лідараў G7, кардынал Паралін выказаў меркаванне, што ён “зробіць акцэнт на выкарыстанні штучнага інтэлекту ва ўзбраеннях”.

Адно з пытанняў тычылася заклапочанасці італьянскіх біскупаў некаторымі рэформамі ў краіне. “Канферэнцыя Біскупаў Італіі – гэта Касцёл у Італіі, і як кожны Касцёл у свеце, італьянскія біскупы свабодныя выказваць сваё меркаванне”, - падкрэсліў Дзяржсакратар, дадаючы, што іерархі самі павінны вызначаць як будуць рабіць гэта.

Гаворачы пра выбары дэпутатаў Еўрапарламента, якія праходзяць у краінах ЕС з 6 па 9 чэрвеня 2024 года, кардынал Паралін адзначыў, што Касцёл часта кажа пра важнасць удзелу ў грамадскім жыцці, што з’яўляецца ажыццяўленнем дэмакратыі. У сувязі з гэтым іерарх заклікаў усіх грамадзян праявіць адказнасць, прыняўшы ўдзел у галасаванні.
 

07 чэрвеня 2024, 11:05