Пошук

Ілюстрацыйнае фота. Унутрана перамешчаныя асобы ў Эфіопіі Ілюстрацыйнае фота. Унутрана перамешчаныя асобы ў Эфіопіі  (AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН: аб’яднаць намаганні для дапамогі Эфіопіі

Глыбокае пачуццё агульнай чалавечнасці, рэлігійнага абавязку і маральнай адказнасці заклікае дапамагчы пацярпеламу насельніцтву Эфіопіі, адзначыў у ААН арцыбіскуп Этарэ Балестрэра.

Марыя Валодзіна - Vatican News

16 красавіка 2024 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе выступіў на мерапрыемстве высокага ўзроўню па зборы сродкаў для Эфіопіі.

Па словах арцыбіскупа Балестрэра, Эфіопія сутыкнулася з глыбокім гуманітарным крызісам, ад якога пакутуе кожны шосты жыхар гэтай краіны. У цяжкім становішчы апынулася больш за 4,4 мільёна ўнутрана перамешчаных асоб і больш за 1 мільён бежанцаў. Сітуацыя патрабуе тэрміновай і маштабнай падтрымкі.

Эфіопія змагаецца з наступствамі ваеннага канфлікту, эпідэмій і адсутнасці дажджоў, якая прывяла да мацнейшай за апошнія дзесяцігоддзі засухі. Гэтыя катастрафічныя падзеі выклікалі рост голаду, ад якога пацярпеў 1 мільён дзяцей і мноства жанчын. Сур'ёзныя эканамічныя цяжкасці, такія як інфляцыя і збоі ў гандлі, яшчэ больш пагоршылі гэтыя праблемы, - зазначыў ватыканскі дыпламат.

Улады Эфіопіі і міжнародныя партнёры рэагуюць, аднак дэфіцыт фінансавання адчуваецца па-ранейшаму. Усе бакі, як унутраныя, так і знешнія, павінны прыкласці яшчэ больш намаганняў для пераадолення дэфіцыту ў 2024 годзе, заклікаў іерарх.

Пра сур'ёзнасць гуманітарнага крызісу і настойлівую неабходнасць салідарнасці з пацярпелым насельніцтвам Эфіопіі казаў і Папа Францішак. Святы Пасад падтрымлівае заклік Канферэнцыі Біскупаў Эфіопіі да неадкладных дзеянняў і аказання гуманітарнай дапамогі. Каталіцкі Касцёл у Эфіопіі грае ключавую ролю ў дастаўцы і размеркаванні гуманітарнай дапамогі насельніцтву, якое пакутуе ад адсутнасці харчовай бяспекі і іншых надзвычайных сітуацый. У 2023 годзе мясцовы Касцёл дапамог амаль 6 мільёнам чалавек незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці. Агульны кошт праекту склаў больш за 80 мільёнаў долараў ЗША, без уліку фінансавай падтрымкі міжнародных каталіцкіх арганізацый, паведаміў арцыбіскуп Балестрэра.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў дзейнічаць хутка і зрабіць усё магчымае для забеспячэнні бяспекі, стабільнасці і міру ў Эфіопіі.

17 красавіка 2024, 12:35