Пошук

Cвятары ў ватыканскай базіліцы. Ілюстрацыйнае фота Cвятары ў ватыканскай базіліцы. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Міжнародная сустрэча пробашчаў збярэ ў Рыме больш за 200 удзельнікаў

З 29 красавіка па 2 мая 2024 года ў Сакрафана бліз Рыма пройдзе Міжнародная сустрэча парафіяльных святароў. У апошні дзень мерапрыемства яго ўдзельнікі сустрэнуцца з Францішкам, каб у форме дыялогу абмеркаваць пытанні сінадальнасці.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча Пробашчы для Сінода прымеркавана да другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Яе ўдзельнікі абмяркуюць тэму Як быць Сінадальным мясцовым Касцёлам у місіі.

Як патлумачыў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, намеснік кіраўніка Генеральнага сакратарыята Сінода і каардынатар сустрэчы, яна будзе прысвечана слуханню, малітве і распазнаванню. Арганізатары – Генеральны сакратарыят Сінода, Дыкастэрыя па справах духавенства, Дыкастэрыя па евангелізацыі (секцыя па першай евангелізацыі і новых мясцовых Касцёлах) і Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў.

Ініцыятыва з’яўляецца адказам на рэкамендацыю ўдзельнікаў першай сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода больш прыслухоўвацца да пробашчаў.

Сярод асноўных мэт сустрэчы – абмен ідэямі, матэрыяламі і досведам сінадальнасці у парафіях і дыяцэзіях. Колькасць яе ўдзельнікаў складзе больш за 200 чалавек. Пры іх адборы Канферэнцыі Біскупаў і Усходнія Цэрквы аддавалі перавагу тым кандыдатам, якія маюць значны вопыт сінадальнасці, а таксама імкнуліся захаваць пэўную разнастайнасць кантэкстаў (сельскіх, гарадскіх, сацыякультурных), у якіх дзейнічаюць душпастыры.

Праграма сустрэчы складаецца з дзвюх частак. Першая пройдзе ў Сакрафана з 29 красавіка па 1 мая 2024 года і будзе ўключаць даклады экспертаў, размовы, працу ў групах, пленарныя пасяджэнні, імшы і малітву.

Другая частка мерапрыемства пройдзе ў Ватыкане 2 мая 2024 года. У яе рамках адбудзецца сустрэча святароў з Папам Францішкам. Яна пройдзе ў форме дыялогу ў Новай сінадальнай зале. У той жа дзень ля Алтара кафедры ў базіліцы святога Пятра адбудзецца Імша для ўдзельнікаў форума.

16 красавіка 2024, 13:01