Пошук

Кардынал Луіс Франсіска Ладарыя Ферэр Кардынал Луіс Франсіска Ладарыя Ферэр  (© 2018 Catholic News Service)

Кардыналу Луісу Франсіска Ладарыі Ферэру споўнілася 80 гадоў

19 красавіка 2024 года прэфекту-эмерыту Дыкастэрыі веравучэння, кардыналу Луісу Франсіска Ладарыі Ферэру споўнілася 80 гадоў, што пазбавіла яго права на ўдзел у магчымым канклаве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх, які прыналежыць да Таварыства Езуса, значную частку свайго жыцця прысвяціў служэнню ў Кангрэгацыі веравучэння (цяпер дыкастэрыя). З 1995 года ён быў кансультантам у гэтай найважнейшай структуры Святога Пасада. 9 ліпеня 2008 года Бэнэдыкт XVI прызначыў Ладарыю сакратаром Кангрэгацыі веравучэння і ўзвёў у годнасць арцыбіскупа. 2 жніўня 2016 года іерарх узначаліў камісію, створаную Францішкам для вывучэння пытання жаночага дыяканату. 1 ліпеня 2017 года Святы Айцец прызначыў яго прэфектам Кангрэгацыі веравучэння, старшынёй Папскай камісіі Ecclesia Dei (займаў гэтую пасаду да 19 студзеня 2019 года), Папскай біблійнай камісіі і Міжнароднай тэалагічнай Камісіі, а 28 чэрвеня ўключыў у Калегію кардыналаў. 1 ліпеня 2023 года кардынал Ладарыя Ферэр сышоў на пенсію.

Калегія кардыналаў у цяперашні час налічвае 237 іерархаў, у тым ліку 127 ва ўзросце да 80 гадоў – яны маюць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.

Да канца 2024 года яшчэ васьмі кардыналам споўніцца 80 гадоў.
 

19 красавіка 2024, 11:16