Пошук

Кардынал Лазарус Ю Хын-Сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства Кардынал Лазарус Ю Хын-Сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства 

Кардынал Ю: трэба перагледзець профіль дыяцэзіяльнага святара

Патрэбна сур’ёзная эклезіяльная рэфлексія над сучасным крызісам святарства, - лічыць кардынал Лазарус Ю Хын-Сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства. Ён даў інтэрв’ю L’Osservatore Romano.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У першую чаргу, перакананы карэйскі іерарх, важна “пераасэнсаваць наш спосаб быць Касцёлам і жыць хрысціянскай місіяй у эфектыўным супрацоўніцтве ўсіх ахрышчаных”, паколькі, на жаль, “святары часта перагружаны працай”, і не толькі душпастырскай, але і не характэрнай для іх – юрыдычнай і адміністрацыйнай.

Таксама, на думку кардынала, трэба “перагледзець профіль дыяцэзіяльнага святара”, бо нават тады, калі “ён не пакліканы да манаскага жыцця, павінен нанова адкрыць сакрамэнтальную каштоўнасць братэрства, адчуваць сябе як дома ў прэзбітэрыі, разам з біскупам, сваімі братамі-святарамі і вернікамі”. Гэта важна асабліва ў сучаснай цяжкай сітуацыі – “такая прыналежнасць можа падтрымаць яго ў душпастырскім служэнні і суправадзіць, калі самота становіцца цяжарам”.

Тут прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства звярнуў увагу на неабходнасць новага падыходу да падрыхтоўкі святара, бо сёння яго “часта выхоўваюць як лідара-адзіночку”, “адзінага адказнага”. “Мы малыя і поўныя абмежаванняў, але мы вучні Настаўніка. Рухомыя Ім, мы можам рабіць многае. Не паасобку, але разам, сінадальна. Вучні-місіянеры, - паўтарае Святы Айцец, - могуць быць толькі разам”, - сказаў кардынал Ю.

З іншага боку, заўважыў іерарх, “не можна замыкацца выключна ў сакральных формах і рабіць святара проста выканаўцам рэлігійных абрадаў”, бо сучаснасць пазначана глабальным крызісам і пагрозамі, звязанымі з ростам насілля, войнамі, забруджваннем навакольнага асяроддзя і эканамічнымі праблемамі, якія ўплываюць на жыццё людзей з пункту гледжання нявызначанасці і страху за будучыню.

Прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства перакананы ў тым, што сёння існуе неабходнасць у святарах і свецкіх, “здольных несці кожнаму радасць Евангелля як прароцтва аб новым свеце і компасу для арыентацыі на жыццёвым шляху”.

“Я хацеў бы сказаць усім святарам, асабліва тым, хто цяпер адчувае сябе прыгнечаным ці параненым: Пан ніколі не парушае свайго абяцання. Калі Ён паклікаў вас, то не расчаруе вас у пяшчоце сваёй любові, у святле Духа, у радасці вашага сэрца”, - звярнуўся кардынал Ю ў канцы інтэрв’ю.
 

18 красавіка 2024, 10:42