Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер: хрысціянская вера – матрыца жыцця еўрапейцаў

Пра цесную сувязь гісторыі западнай цывілізацыі з хрысціянствам і Каталіцкім Касцёлам, а таксама пра тое, як гэта стала магчымым дзякуючы папскай дыпламатыі, казаў у сваёй прамове да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Марыя Валодзіна - Vatican News

18-19 красавіка 2024 года ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме праходзіць міжнародная канферэнцыя на тэму Ватыканская дыпламатыя і ўтварэнне Захаду ў пантыфікат Пія XII.

З уступнай прамовай выступіў Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Ён падкрэсліў, што гісторыя Захаду настолькі цесна звязана з гісторыяй хрысціянства і Касцёла, што гісторыкі часта выкарыстоўваюць тэрміны Захад, Еўропа і хрысціянская цывілізацыя як сінонімы.

“Захад – гэта еўрапейская культура, а еўрапейская культура – гэта заходняя культура, якую еўрапейцы стагоддзямі распаўсюджвалі па ўсім свеце”

Па словах дыпламата, вытокі заходняй цывілізацыі трэба шукаць у новай духоўнай супольнасці, якая ўзнікла на руінах Рымскай імперыі і ў выніку навяртання варвараў у хрысціянскую веру. Хрысціянская царква атрымала ў спадчыну традыцыі імперыі. Яна ўяўлялася варварам захавальніцай значна больш высокай цывілізацыі, надзеленай прэстыжам рымскага права і аўтарытэтам назвы Рымская.

Тэрмін Захад пазначае не толькі фізічную тэрыторыю, але і цывілізацыю, культуру народаў, аб’яднаных хрысціянскай верай, карані якой ідуць у яўрэйскую духоўную традыцыю і эліністычную культуру. “Захад – гэта еўрапейская культура, а еўрапейская культура – гэта заходняя культура, якую еўрапейцы стагоддзямі распаўсюджвалі па ўсім свеце”, - адзначыў іерарх.

“Гісторыя Еўропы – гэта чарада этапаў адраджэння, духоўнага і інтэлектуальнага абнаўлення, якія адбываліся пад уплывам рэлігіі”

Еўрапейская спадчына асноўваецца на прынцыпах грэчаскага гуманізму, рымскага права, але перш за ўсё, хрысціянства, якое больш за дзве тысячы гадоў стварала Еўропу з яе бачаннем чалавечай асобы, як вольнага, самастойнага і адказнага суб'екта. Айцы Касцёла, святыя Амврозій, Аўгусцін, Іеранім і Грыгорый, былі таксама і айцамі заходняй цывілізацыі, злучыўшы розныя народы Захаду ў адну “духоўную супольнасць хрысціянскага свету”, - нагадаў арцыбіскуп Галахер.

Калі разглядаць Еўропу як цела Захаду, то хрысціянства можна назваць яго душой. Касцёл аказаў вялікі ўплыў на такія аспекты жыцця заходняй цывілізацыі, як універсітэты, літаратура, мастацтва, архітэктура, навука і тэхніка, “таму што пераўтварэнне свету было неад'емнай часткай яго культурнага ідэалу”. Гісторыя Еўропы – гэта чарада этапаў адраджэння, духоўнага і інтэлектуальнага абнаўлення, якія адбываліся пад уплывам рэлігіі, - заўважыў іерарх, прыводзячы ў прыклад манаскія ордэны, якія паўплывалі на розныя сферы грамадскай, эканамічнай і навуковай дзейнасці.

“Проціпастаўленне двух вялікіх блокаў, усходняга і заходняга, захоўваецца і да гэтага часу, хоць шмат змянілася”

Важную ролю ў гісторый заходняй цывілізацыі адыграла дыпламатычная дзейнасць Касцёла. Папская дыпламатыя не можа абмяжоўвацца толькі распаўсюджваннем веры. Каб забяспечыць мірнае суіснаванне Касцёла і дзяржаў, яна выкарыстоўвае свецкія сродкі знешняй палітыкі, вядзе перамовы, не адмаўляючыся пры гэтым ад тэалагічных ісцін. Ці было ўсведамленне гэтых каштоўнасцей і пагрозы для старога кантынента з боку двух таталітарных ідэалогій тым штуршком, які прывёў Пія XII да збліжэння з новым Захадам, Злучанымі Штатамі? Гэта пытанне, на якое яшчэ трэба будзе адказаць, лічыць арцыбіскуп Галахер.

Сам тэрмін Захад набыў новае значэнне, калі ў сярэдзіне пантыфікату Пія XII адбыўся раскол Еўропы на два вялікіх блока. Сацыялістычны лагер дасягнуў сэрца Еўропы, разгарнуўся да Адрыятыкі і ўключаў у сябе народы старажытных традыцый, еўрапейскай культуры і, у значнай ступені, каталіцкай веры. Проціпастаўленне гэтых двух вялікіх блокаў, усходняга і заходняга, захоўваецца і да гэтага часу, хоць шмат змянілася, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

“Крыніца рашэння асабістых і грамадскіх праблем – двухтысячагадовае вучэнне Касцёла”

Па яго словах, мы жывем у час вялікіх праблем і незлічоных унутраных і знешніх крызісаў: канфлікты ва Украіне і Святой Зямлі, пераслед, бедствы, фізічныя і псіхічныя страты грамадства, нігілізм і постмадэрнізм, пазбаўленасць трансцэндэнтнага погляду. Але існуе крыніца, з якой можна чэрпаць рашэнні нашых асабістых і грамадскіх праблем. Гэта двухтысячагадовае вучэнне Касцёла. Гэтая крыніца сілкуецца вадой невычэрпнай ласкі Божай, якая дазваляе чалавеку заўсёды знаходзіць выхад з крызісаў, падкрэсліў арцыбіскуп Галахер, завяршаючы свой уступ словамі Яна Паўла II аб тым, што спадчына хрысціянскай веры належыць не толькі мінуламу, яе неабходна перадаць будучым пакаленням, паколькі яна з'яўляецца матрыцай жыцця людзей і народаў еўрапейскага кантынента.

18 красавіка 2024, 14:25