Пошук

Кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса Кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса 

Святы Пасад прадставіў праект удзелу на біенале ў Венецыі

Візіт Папы на 60-ы мастацкі біенале ў Венецыі “выразна паказвае жаданне Касцёла ўмацаваць плённы і блізкі дыялог са светам мастацтва і культуры”, - заўважыў кардынал Жазэ Таленціна дэ Мендонса.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Калі я паказаў Папу Францішку праект павільёна Святога Пасаду на бліжэйшы мастацкі біенале ў Венецыі, ён адказаў мне: “Я паеду і ўбачу яго маімі вачыма”, - падзяліўся прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі – кіраўнік ватыканскага ведамства, адказнага за ўдзел Апостальскай Сталіцы на міжнароднай выставе.

Біенале ў Венецыі будзе праходзіць з 20 красавіка па 24 лістапада 2024 года. Францішак стане першым Папам у гісторыі, які наведае гэту мастацкую выставу. Яго візіт адбудзецца 28 красавіка. Апостальская Сталіцы бярэ ўдзел у форуме ў трэці раз.

Сёлетні біенале супаў з 60-годдзем прэм’ернага паказу фільма П’ера Паола Пазаліні Евангелле святога Мацвея. Менавіта евангеліст Мацвей пераказаў словы Езуса аб учынках міласэрнасці, якія часта паўтарае Папа. Адзін з іх тычыцца абавязку адведвання вязняў. У сувязі з гэтым Апостальская Сталіца запрашае зрабіць гэта ў прамым сэнсе слова – яе павільён будзе адкрыты на тэрыторыі жаночай турмы на востраве Джудэка ў Венецыі.

Выбар гэтага месца стаў адказам на заклік, які Папа скіраваў да дзеячаў мастацтва ў чэрвені 2023 года, запрашаючы не забываць пра бедных, пра людзей, якія жывуць у цяжкіх умовах, пра тых, якія не маюць голасу, - патлумачыў кардынал Мендонса падчас прэзентацыі ватыканскага праекта, якая прайшла 11 сакавіка 2024 года ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

На тэрыторыі венецыянскай турмы будзе размешчана выстава пад назвай Маімі вачыма, прысвечаная тэме правоў чалавека і постацям уразлівых людзей, якія жывуць на ўскрайках грамадства і да якіх мы рэдка скіроўваем погляды. На ёй будуць прадстаўлены творы каля дзесяці сучасных дзеячаў мастацтва, сярод якіх: Маўрыцыа Катэлан, Бінту Дэмбеле, Сымон Фаталь, Клэр Фантэйн, Карыта Кент і іншыя.

Павільён Апостальскай Сталіцы быў арганізаваны ў супрацоўніцтве з пенітэнцыярнымі ўладамі Італіі. Наведаць яго будзе магчыма толькі праз папярэдні запіс. Пры ўваходзе наведвальнікі павінны будуць пакінуць свае смартфоны. Гідамі выступяць жанчыны, якія адбываюць пакаранне ў гэтай пенітэнцыярнай установе.
 

12 сакавіка 2024, 13:00