Пошук

Папскі прапаведнік: уваскрасенне сэрца – гэта адраджэнне надзеі

Бог не пазбаўляе цяжкасцей, але надзея дазваляе пераадолець іх, - сказаў кардынал Раньера Канталамеса ў чацвёртым велікапосным казанні. Папа і іерархі Рымскай курыі выслухалі яго раніцай 15 сакавіка 2024 года ў Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прапаведнік Папскага дома прапанаваў задумацца над словамі Езуса Хрыста: “Я – ўваскрасенне і жыццё” (Ян 11, 25). Ён нагадаў, што “існуюць два віды ўваскрасення: уваскрасенне цела, якое адбудзецца ў апошні дзень і ўваскрасенне сэрца, якое павінна адбываецца штодзённа”.

“Лепшы спосаб, каб зразумець, што маецца на ўвазе пад уваскрасеннем сэрца – гэта паназіраць за тым, якія духоўныя наступствы мела фізічнае ўваскрасенне Езуса ў жыцці апосталаў”, - сказаў капуцын, заўважаючы, што ўваскрасеннем сэрца для іх стала “адраджэнне надзеі”.

Кардынал Канталамеса адзначыў, што менавіта надзея дазваляе нам узняцца і зноў з радасцю прыняць заданні, вызначаныя нам Божым Провідам. Надзея чыніць цуды – яна ўздымае на ногі шматлікіх “кульгавых і паралізаваных духоўна”. Прысутнасць надзеі “змяняе ўсё, нават калі знешне не змяняе нічога”, - падкрэсліў ён.

Кардынал паставіў у прыклад сітуацыю з прахалодным надвор’ем: тэмпература паветра ў лістападзе і сакавіку ў Рыме прыкладна аднолькавая, але ў першым выпадку яна з’яўляецца “холадам без надзеі, бо ідзём у кірунку зімы, а ў другім – з надзеяй, бо ідзём у кірунку лета”.

Прапаведнік нагадаў, што сімваламі надзеі з’яўляюцца якар і парус: першы дазваляе заставацца ў небяспецы нават падчас буры, а другі дазваляе рушыць праз мора, выкарыстоўваючы спрыяльныя і неспрыяльныя вятры, каб весці човен у жаданым кірунку. Менавіта гэта робіць надзея, - сцвердзіў капуцын.

Іерарх заўважыў, што надзея прыходзіць на дапамогу таксама ў нашым асабістым шляху асвячэння. Яна дазваляе працягваць прыкладаць намаганні, нават калі па-чалавечы здаецца, што ўсё бессэнсоўна. “Яна адваротная нецярплівасці, паспешлівасці і жаданню атрымліваюць усё і адразу. Яна з’яўляецца супрацьяддзем ад роспачы. Захоўвае жывым жаданне. А таксама з’яўляецца вялікай настаўніцай, у тым сэнсе, што не паказвае ўсё за адзін раз – усё, што трэба і можна зрабіць – але паказвае магчымасці раз за разам. Дае толькі “штодзённы хлеб”, - патлумачыў прапаведнік Папскага дома.

Кардынал Канталамеса адзначыў таксама, што “надзея патрабуе нягодаў, як полымя патрабуе ветру, каб стаць мацней”. Нягоды дазваляюць спадзявацца толькі на Бога, спадзявацца, калі здаецца больш няма надзеі, давяраючы слову, аднойчы прамоўленаму Панам. “Такой была надзея Марыі пад крыжам і таму хрысціянская пабожнасці называе яе тытулам Mater Spei, Маці надзеі”, - сказаў кардынал Канталамеса, дадаючы, што Бог не пазбаўляе цяжкасцей, але надзея – з’яўляецца сілай, якая дапамагае пераадольваць іх.
 

15 сакавіка 2024, 11:14