Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Арцыбіскуп Галахер: для спынення вайны патрэбны перамовы

Пра патрэбу ў перамовах для спынення вайны нагадаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у інтэрв’ю італьянскаму грамадскаму тэлебачанню RAI. Яно выйшла ў эфір 26 сакавіка 2024 года ў галоўным вячэрнім выпуску навін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Размова з ватыканістам Ігнацыа Інграам была прысвечана актуальным міжнародным выклікам. Каментуючы тэрарыстычны акт у Маскве, іерарх пагадзіўся з меркаваннем журналіста пра небяспеку таго, што гэты напад яшчэ больш абвострыць міжнародную сітуацыю. Па словах арцыбіскупа Гарахера, дзяржава, якая перажыла такую траўму, можа адрэагаваць вельмі моцна, падобна таму, як адрэагаваў Ізраіль пасля нападу ХАМАС, які адбыўся 7 кастрычніка 2023 года.

Іерарх пракаментаваў таксама нядаўні заклік Папы да спынення вайны ва Украіне шляхам перамоў. “Папа заўсёды казаў, што войны заканчваюцца за сталом перамоў. Я думаю, што Папа хацеў заахвоціць украінскі бок да дыялогу дзеля дабра сваёй краіны. У той жа час, я думаю, што Святы Пасад заўсёды выразна даваў зразумець расійскаму боку, што ён таксама павінен даць выразны сігнал, пачынаючы са спынення ракетных удараў па тэрыторыі Украіны”, - сказаў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Адказваючы на пытанне пра еўрапейскі абаронны праект, папскі дыпламат прызнаў, што “Еўропа павінна ўзяць на сябе адказнасць за ўласную абарону”. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі пра пытанне зброі і магчымасцей арміі, але пра “цэласную абарону”, якая “ажыццяўляецца праз дзяржаўныя інстытуты, спрыяючы згодзе паміж народамі”.

Ватыканскі іерарх перакананы, што “трэба зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць паразы Украіны”, бо гэта “карэнным чынам змяніла б сітуацыю”. Касцёл, Святы Пасад і Папа настойваюць на тым, каб “працаваць дзеля міру, намагацца спрыяць міру”, але “нельга меркаваць, што рашэнне будзе дасягнута праз перамогу ці паразу”, - адзначыў дыпламат Апостальскай Сталіцы.
 

27 сакавіка 2024, 13:41