Пошук

Паралін: заданне святара – быць з параненым чалавецтвам

Асаблівае заданне пастыра – быць разам з людзьмі, сярод іх пакут, слёз, пошуку Бога і братэрскай любові, нагадаў Дзяржсакратар П'етра Паралін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

6 лютага 2024 года ў базіліцы святога Пятра прайшла Імша з нагоды адкрыцця міжнароднай канферэнцыі па бесперапыннай адукацыі святароў, арганізаванай Дыкастэрыяй па справах духавенства.

Святую Імшу ўзначаліў кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін. У гаміліі ён выказаў падзяку святарам, якія "штодня прапануюць сваё жыццё, ахвяруючы сябе дзеля справы Евангелля, часта ў цішыні сціплага і цярплівага пасеву, часам у пакутлівай адзіноце неразумення”.

Кардынал Паралін адзначыў, што ў некаторых кантэкстах многія святары адчуваюць "абыякавасць або варожасць пераследу, аднак працягваюць несці ў сваім сэрцы здзіўленне веры, якая кожны дзень адраджаецца ля крыніцы любові Езуса, а затым цячэ і распаўсюджваецца як жывая вада падчас ажыццяўлення пастырскага служэння".

Дзяржсакратар падкрэсліў, што святар – гэта вучань, які адправіўся ў падарожжа ўслед за Панам. Радасна вітаючы Яго пакліканне, ён “пагружаецца ў гісторыю народа Божага ў якасці заступніка". Суправаджаючы даручаных яму людзей, святар становіцца для іх “жывым Евангеллем, знакам і прыладай міласэрнай любові Айца".

Іерарх заклікаў святароў "ісці па слядах Добрага Пастыра, у адзінстве з біскупам і адзін з адным", прысвячаючы жыццё “служэнню веры братоў і пошуку братэрства". Духавенства "паклікана жыць так, як Езус”, не ганарыцца прывілеяванасцю свайго паклікання і атрыманай роляй, а апускацца да параненага і прыгнечанага чалавецтва, якое мае патрэбу ў збаўленні.

Дзяржсакратар нагадаў словы Францішка, звернутыя 4 лютага 2023 года да духавенства Паўднёвага Судана аб тым, што асаблівае заданне пастыра – быць з людзьмі, сярод іх пакут, слёз, пошуку Бога і братэрскай любові. Гэта не простая задача, таму ніколі не варта забываць, што святары таксама людзі, з іх слабасцямі, стомленасцю, страхамі, праблемамі.

Бесперапынная адукацыя святароў грунтуецца перш за ўсё на "клопаце аб асабістых адносінах з Панам", - адзначыў іерарх, заахвочваючы ўдзельнікаў канферэнцыі выйсці за рамкі знешняй рэлігійнасці і “паклапаціцца аб сапраўдных адносінах з Панам і праўдзівым прыняцці Евангелля”.

07 лютага 2024, 13:43