Пошук

Кардынал Паралін на адкрыцці дыягнастычнага цэнтра ў дэрматалагічнай клініцы IDI у Рыме Кардынал Паралін на адкрыцці дыягнастычнага цэнтра ў дэрматалагічнай клініцы IDI у Рыме 

Паралін пра Украіну: сумна, што няма іншых перспектыў для перамоў

26 лютага 2024 года кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін прыняў удзел у адкрыцці новага дыягнастычнага цэнтра рымскага Дэрматалагічнага інстытута Беззаганнага Зачацця (IDI). У кулуарах падзеі ён адказаў на пытанні журналістаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Каментуючы смерць расійскага дысідэнта Аляксея Навальнага, бліжэйшы супрацоўнік Папы падкрэсліў, што "было б важна праясніць, што насамрэч адбылося. Гэта б таксама дазволіла запэўніць тых, хто, відавочна, дае пэўную інтэрпрэтацыю гэтай смерці".

Перспектывы мірных перамоў

Што тычыцца сітуацыі ва Украіне, у цэнтры ўвагі Дзяржсакратара знаходзіцца магчымасць правядзення перамоў. Спасылаючыся на місію кардынала Матэа Дзупі, ён адзначыў, што неабходна імкнуцца "працаваць над тым, каб спрыяць механізму, які быў створаны падчас яго візітаў у Кіеў і ў Маскву, для вяртання дзяцей і падлеткаў ва Украіну. Ён калісьці казаў аб тым, што гэта можа спрыяць мірным шляхам. На дадзены момант мне здаецца, што існуе толькі гэта, няма іншых перспектыў перамоў, і гэта вельмі сумна”, - дадаў кардынал Паралін.

Стан здароўя Францішка

Па словах іерарха, здароўе Папы Францішка "у парадку". "У яго быў эпізод прастуды, але ён паправіўся", - адзначыў Дзяржсакратар.

Пратэсты фермераў

Пра пратэсты фермераў, якія ў Бруселі патрабуюць больш спрыяльных мер з боку ЕС, Паралін адзначыў, што толькі "сур'ёзны” дыялог і "прыслухоўванне да патрабаванняў фермераў" могуць прывесці да вынікаў. Трэба ісці насустрач адзін аднаму, лічыць іерарх.

Напады на хрысціян у Буркіна-Фасо

Занепакоенасць Дзяржсакратара выклікае небяспечная сітуацыя, якая склалася ў Буркіна-Фасо, дзе былі забітыя пятнаццаць хрысціян, "увесь гэты тэрарызм, які ўзяў пад кантроль велізарныя тэрыторыі”. “Здавалася, што вайскоўцы працуюць над аднаўленнем дзяржаўнага кантролю, але, на жаль, гэта не так, працягваюцца гэтыя эпізоды, сапраўды ганебныя”, - адзначыў кардынал Паралін.

27 лютага 2024, 12:13