Пошук

Кардынал Паралін: бойня ў Газе абурае і патрабуе мужнасці

Патрабуецца мужнасць, каб вырашыць сітуацыю ў Газе, дзе колькасць загінулых дасягнула 30 тысяч чалавек, - адзначыў кардынал П’етра Паралін у кулуарах мерапрыемства з нагоды гадавіны Латэранскіх пагадненняў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

13 лютага 2024 у пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе прайшла двухбаковая сустрэча прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц Латэранскіх пагадненняў.

Дэлегацыю Святога Пасада ўзначаліў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал П’етра Паралін. У яе склад увайшлі кардынал Матэа Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі; кардынал Эміль Поль Шэрыг, апостальскі нунцый у Італіі; арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыята; арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі; арцыбіскуп Джузэпэ Батуры, генеральны сакратар епіскапату Італіі. На сустрэчы таксама прысутнічалі кардынал Джаванні Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў, кардыналы Джанфранка Равазі, Клаўдыё Гуджэроці і Леанарда Сандры.

У склад італьянскай дэлегацыі ўвайшлі прэзідэнт Сэрджа Матарэла, прэм’ер-міністр Джорджа Мелоні, шэраг міністраў і прадстаўнікоў урада, а таксама пасол Італіі пры Святым Пасадзе Франчэска Дзі Ніта.

У кулуарах мерапрыемства Дзяржаўны сакратар паведаміў журналістам, што ўдзельнікі двухбаковай сустрэчы абмяркоўвалі такія тэмы, як сітуацыя на Блізкім Усходзе, права на жыццё, сямейная палітыка, муніцыпальны падатак IMU і Юбілей.

Сітуацыя ў Газе

Дзяржсакратар нагадаў, што Святы Пасад з самага пачатку выступіў “з рэзкім і безумоўным асуджэннем таго, што адбылося 7 кастрычніка”. У той жа час “права Ізраіля на абарону, якое было выкарыстана для апраўдання гэтай аперацыі”, павінна быць прапарцыйным, а з 30 тысячамі загінулых яно такім не з'яўляецца, адзначыў дыпламат.

У дадзены момант рашэнне канфлікту здаецца далёкім, але нельга губляць надзею, параіў кардынал Паралін, працытаваўшы словы святога Аўгустына аб тым, што “надзея абапіраецца на абурэнне і мужнасць”. “Я думаю, што ўсе мы абураныя тым, што адбываецца, гэтай бойняй, але мы павінны знайсці мужнасць, каб рухацца наперад і не губляць надзею, таму што, калі мы губляем надзею, мы складаем рукі. Замест гэтага мы павінны змагацца да канца і імкнуцца ўнесці як мага большы ўклад", - сказаў Дзяржсакратар.

Новая сядзіба Bambino Gesù

"Было выказана задавальненне, удзячнасць у сувязі з падпісаннем дэкларацыі аб намерах”, - сказаў кардынал Паралін, маючы на ўвазе пагадненне аб адкрыцці новай сядзібы педыятрычнай клінікі Bambino Gesù, якое Святы Пасад і Італія падпісалі 8 лютага 2024 года.

Юбілей-2025

Што тычыцца Юбілейнага года, то паміж Італіяй і Святым Пасадам працягваецца супрацоўніцтва, - запэўніў Дзяржсакратар, - "Вядома, тэрміны вельмі жорсткія, трэба гэта прызнаць, але мы спадзяемся, што да нейкага выніку можна будзе прыйсці. Тут мы таксама выказваем надзею". У цэлым, як з боку Італіі, так і з боку Святога Пасада існуе "гатоўнасць супрацоўнічаць дзеля агульнага дабра", - дадаў іерарх.

14 лютага 2024, 11:18