Пошук

Кардынал Раньера Канталамеса Кардынал Раньера Канталамеса 

Кардынал Канталамеса ў трэцім відэаразважанні: ці верыш?

Трэцяе велікапоснае відэаразважанне, падрыхтаванае з нагоды духоўных практыкаванняў, што праходзяць у Ватыкане, кардынал Раньера Канталамеса прысвяціў тэме веры.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прапаведнік Папскага дома прапанаваў паразважаць над пытаннем, якое Езус задаў сястры Лазара, якая стаяла перад магілай свайго брата: “Ці верыш?” (Ян 11, 26). “Пакінь на хвіліну ўсё, што вывучыў на памяць з катэхізісу і што паўтараеш у Сімвале веры. Увайдзі ў сферу патаемнага, дзе ёсць толькі ты і Бог. Спытайся ў сябе: “Ці веру? Ці верыў я калі-небудзь па-сапраўднаму, асабіста, а не толькі “праз пасярэдніка”, нават калі гэта Паўсюдны Касцёл?”, - заахвоціў іерарх.

Кардынал Канталамеса нагадаў словы святога Паўла, які пісаў, што “сэрцам вераць, а вуснамі вызнаюць” (пар. Рым 10,10). У сувязі з гэтым ён прапанаваў задумацца: “Ці паходзіць з глыбіні сэрца маё вызнанне веры?”.

“Вера адкрывае новыя гарызонты, толькі яна здольная даць сур’ёзныя адказы на найважнейшыя пытанні чалавека: Хто я? Адкуль я прыйшоў? Куды іду?”. Лічбавая эпоха прапануе нам новую алегорыю веры: падключэння да Інтэрнэту. Адкрый старонку Google – і ты ўжо падключаны! Перад табой адкрываецца ўвесь віртуальны свет. Нешта падобнае дасягаецца з верай. Без правадоў, без выдаткаў. Кароткая малітва, просты рух сэрца, позірк на абраз Хрыста, які маеш перад сабой – і ты падключаны! Падключаны да свету, які рэальны, а не віртуальны; адзіны, які па-сапраўднаму рэальны, бо вечны – да Божага свету! Паспрабуй і пераканайся, што я кажу праўду”, - заклікаў прапаведнік Папскага дома.
 

22 лютага 2024, 08:44