Пошук

Дзяржсакратар: адрачэнне ад крыўды і гневу – самы складаны пост

Кардынал П’етра Паралін заклікаў выкарыстаць Вялікі пост для адкрыцця сэрца на прабачэнне, нагадаў пра важнасць хрысціянства ў гісторыі Літвы і заклікаў не пераставаць верыць у тое, што цуд міру магчымы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 16 лютага 2024 года Дзяржаўны сакратар узначаліў святую Імшу з нагоды 106-й гадавіны аднаўлення дзяржаўнасці Літвы. Літургія прайшла ў рымскім касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса – Іль-Джэзу. У ёй бралі ўдзел дыпламаты, палітыкі, прадстаўнікі літоўскай супольнасці Рыма, духавенства і вернікі іншых нацыянальнасцей.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў у гаміліі, што Вялікі пост тычыцца не толькі адмаўлення ад ежы: “гэта не дыета”, але “практыкаванне ў выйсці па-за сябе”, самаадрачэнні і “выбары ласкі, якая дазваляе стаць удзельнікамі Божага жыцця”. “Сапраўдны пост вызваляе ад таго, што прыгнятае, каб маглі вярнуцца да Бога і жыць любоўю ўсім сэрцам і ўсёй душой, любячы бліжняга, як самога сябе”, - дадаў ён.

Іерарх адзначыў актыўную дабрачынную дзейнасць Касцёла ў Літве, якая высока цэніцца дзяржаўнымі ўладамі, а таксама нагадаў пра сувязь гэтай краіны з пасланнем аб Божай Міласэрнасці, адкрытым святой Фаўстыне Кавальскай. Спаслаўшыся на словы Папы, ён падкрэсліў, што адным з найбольш складаных учынкаў міласэрнасці з’яўляецца “прабачэнне тых, хто нас пакрыдзіў, прычыніў боль, каго лічым ворагамі”.

“Я сказаў бы, што менавіта такое “адрачэнне” ад крыўды і гневу – гэта адзін з самых складаных пастоў”, - падкрэсліў Дзяржсакратар, заклікаючы ўсіх зазірнуць у сябе і ў таямніцы ўласнага сэрца адкрыцца на прабачэнне, “памятаючы, што, калі молімся Ойча наш, мы выразна просім Бога прабачыць так, як прабачаем мы”.

“Папросім міласэрнага Езуса за высакародны літоўскі народ, шлях якога часта быў выпрабаваны трывогамі і пакутамі, пазначаны доўгім змаганнем за свабоду і захаванне ўласнай тоеснасці”, - заахвоціў кардынал Паралін, нагадваючы, што святло веры ў Хрыста ніколі не згасла ў Літве, дзякуючы сведчанню шматлікіх хрысціян, сярод якіх ён асаблівым чынам згадаў благаслаўлёных Юргіса Матулайціса і Тэафілюса Матулёніса.

Іерарх звярнуў увагу на неад’емную сувязь гісторыі Літвы з хрысціянствам. “Як не згадаць пра касцёлы і кляштары, якія былі цэнтрамі выпраменьвання веры і цывілізацыі, пра помнікі, мастацтва, літаратуру і культуру – усё гэта напамін пра хрысціянскае аб’яўленне, якое было сапраўднай евангельскай закваскай нацыі”, - дадаў ён.

Кардынал Паралін заклікаў маліцца, каб Евангелле працягвала натхняць жыццё літоўскага грамадства, дапамагаючы бараніць фундаментальныя каштоўнасці і такім чынам дасягаць агульнага дабра. Ён падкрэсліў важнасць абароны каштоўнасці чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці; выключнай і незаменнай каштоўнасці сям’і, заснаванай на сужэнстве – непарыўным саюзе мужчыны і жанчыны; а таксама пра патрэбу ў законах, накіраваных на падтрымку сужонкаў у нараджэнні і выхаванні дзяцей.

Напрыканцы гаміліі Дзяржсакратар заклікаў маліцца за мір. “Як жа моцна мы патрабуем міру – у Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў многіх іншых частках свету! Жыццёвую патрэбу ў ім адчуваюць народы Балтыі, якія раней за нас, якія жывём на Захадзе, адчулі пагрозлівае дыханне вятроў вайны, што абрынуліся на ўкраінскі народ. Як вернікі, якія ўсклікаюць да Імя Езуса, мы не павінны пераставаць верыць у тое, што цуд міру магчымы”, - падкрэсліў кардынал Паралін, нагадваючы словы, якія часта паўтарае Папа Францішак: “Вайна – гэта заўсёды параза чалавецтва”.

Пасля святой Імшы бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца выслухаў канцэрт літоўскай харавой музыкі, арганізаваны з нагоды 100-годдзя Свята літоўскай песні і танца –традыцыйнага фестывалю народных харавых, танцавальных і фальклорных калектываў, які праводзіцца кожныя чатыры гады ў Вільнюсе.
 

 

17 лютага 2024, 10:50