Пошук

Другая гадавіна вайны ва Украіне Другая гадавіна вайны ва Украіне  (ANSA) Калонка рэдактара

Дакуль?

Пасля двух гадоў вайны ва Украіне, бамбардзіровак і пакут, узнікае пытанне: што яшчэ павінна адбыцца, каб спынілі агрэсію і селі за стол перамоваў аб справядлівым міры?

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

Хоць жудасныя паведамленні, якія паступаюць у апошнія месяцы са Святой Зямлі, а цяпер і смерць расійскага дысідэнта Навальнага, зацямнілі навіны пра вайну ва Украіне, сёння мы нагадваем пра яе. У гэтыя дні мы перадаем слова сведкам, якія не паддаюцца логіцы нянавісці, але працягваюць маліцца і дзейнічаць, каб палегчыць пакуты насельніцтва, якое пакутуе ад дваццаці чатырох месяцаў бамбардзіровак. Хай гавораць лічбы, бо суровая рэальнасць таго, што адбываецца, часта ўдалечыні ад пражэктараў, апісвае абсурдную нялюдскасць гэтай вайны.

Дзясяткі тысяч чалавечых жыццяў прыносяцца ў ахвяру дзеля заваёўвання некалькіх кіламетраў тэрыторыі, дзясяткі тысяч маладых і старых мужчын атрымліваюць раненні і становяцца калекамі, цэлыя ўкраінскія гарады зраўнялі з зямлёй, мільёны вымушаных перасяленцаў жывуць за мяжой, тысячы мін гатовыя падарваць будучае жыццё нявіннага насельніцтва... Што яшчэ павінна адбыцца, каб спыніць агрэсію і сесці за стол перамоваў аб справядлівым міры?

Незлічоныя заклікі Папы Францішка звярнуць увагу на шматпакутную Украіну засталіся без увагі. Падобна на тое, што вайна і гвалт сталі спосабам вырашэння спрэчак. Гонка ўзбраенняў для будучых войнаў стала ўспрымацца як непазбежнасць. Грошы, якія ніколі не могуць знайсці на будаўніцтва дзіцячых садкоў і школ, на ахову здароўя, на барацьбу з голадам або на экалагічны пераход дзеля захавання планеты, заўсёды знаходзяцца, калі гаворка ідзе пра ўзбраенне. Перад абліччам ваяўнічых сірэн змаўкае дыпламатыя. На такія словы, як мір, перамовы, перамір'е, дыялог, глядзяць з падазрэннем. Еўропы амаль не чуваць, акрамя адзінкавых прамоваў асобных лідараў.

Неабходнасць не паддавацца логіцы вайны вялікая як ніколі. Трэба працягваць прасіць Бога аб дары міру, як гэта нястомна робіць пераемнік святога Пятра, які ўмее распазнаваць вуголле надзеі, якое цьмее пад усё больш тоўстым слоем попелу нянавісці. Патрабуюцца новыя прароцкія, творчыя і свабодныя лідары, здольныя на адвагу, на тое, каб зрабіць стаўку на мір і на тое, каб узяць на сябе адказнасць за будучыню чалавецтва. Патрэбна ўсеагульная адказнасць, каб цвёрда і рашуча даносіць голас тых, хто не паддаецца каінісцкай логіцы “ўладароў вайны”, якая пагражае прывесці ўсіх нас да самазнішчэння.

25 лютага 2024, 07:55