Пошук

У клініцы Bambino Gesù прайшоў тэлемост з астранаўтам у космасе

Пра жыццё на арбіце, пра знешні выгляд нашай планеты, пра гатаванне макаронаў на касмічным караблі паразмаўляў з пацыентамі ватыканскага педыятрычнага шпіталя Bambino Gesù італьянскі астранаўт Вальтэр Віладэі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Раніцай 29 студзеня 2024 года ваенна-паветраныя сілы Італіі зрабілі маленькім пацыентам ватыканскай лякарні незвычайны падарунак: на сувязь з імі з Міжнароднай касмічнай станцыі выйшаў астранаўт Вальтэр Віладэі. Ён знаходзіцца на арбітальнай станцыі з місіяй Ax-3 Voluntas, якую рэалізуе Міністэрства абароны Італіі з удзелам Італьянскага касмічнага агенцтва, універсітэтаў, навукова-даследчых цэнтраў і прадпрыемстваў.

Маленькія ўдзельнікі тэлемоста сабраліся ў гульнятэцы бальніцы, якая месціцца на адным з рымскіх пагоркаў, Янікуле. У ініцыятыве прынялі ўдзел Тыцыяна Анэсці, старшыня Рады дырэктараў клінікі, і брыгадны генерал авіяцыі Урбана Фларэані, начальнік аддзела сувязі Генеральнага штаба ВПС Італіі.

Астранаўт, які лунаў у бязважкасці на фоне італьянскага трыкалора, адказаў на шматлікія пытанні дзяцей. Чэчылія спытала, як выглядае Зямля з космасу. “Яна надзвычайна прыгожая. Неверагодныя блакітныя адценні акіянаў і снегу на вяршынях Гімалаяў. Цудоўна пралятаць над асвечанай агнямі Італіяй ноччу, таксама і днём. Палёт над ёй доўжыцца адно імгненне", - распавёў палкоўнік Віладэі.

Астранаўт патлумачыў дзецям, у чым заключаецца яго даследчая праца на борце касмічнай станцыі. У яго задачу ўваходзіць правядзенне эксперыментаў па вывучэнні фізіялагічных наступстваў касмічнага палёту на людзей, разуменню біялагічных змен, звязаных са здароўем і хваробамі на Зямлі, і правядзенне мерапрыемстваў па распаўсюджванню італьянскага вопыту ў аператыўнай, тэхналагічнай і камерцыйнай сферах у дачыненні да космасу.

Адной з тэм, якая найбольш цікавіла маленькіх пацыентаў, была тэма харчавання ў космасе: ці можна там прыгатаваць макароны? Астранаўт паказаў спецыяльныя пакеты з ежай і кантэйнеры для вадкасцяў з саломкай. "Макароны нельга варыць так, як на Зямлі, таму што нельга кіпяціць ваду", але "быў праведзены эксперымент па гатаванні макаронаў новым спосабам, калі іх награвалі на працягу 30 хвілін". На думку астранаўта і яго спадарожнікаў, эксперымент даў "вельмі, вельмі добры" вынік.

На пытанне Сафіі аб тым, вялікі космас ці маленькі, палкоўнік Віладэі патлумачыў, што "космас вельмі вялікі, і мы толькі пачалі яго даследаваць". Ён заахвоціў дзяцей добра вучыцца і прыкладаць намаганні, таму што "хто-небудзь з вас абавязкова паляціць на Месяц або на Марс".

Напрыканцы відэамоста Тыцыяна Анэсці ўручыў генералу Фларэані дзіцячыя малюнкі на тэму космасу. "Мы рады, што далі хлопчыкам і дзяўчынкам магчымасць пабываць на Міжнароднай касмічнай станцыі. Спадзяемся, што космас стаў ім крыху бліжэй, і што гэтая падзея можа аказаць невялікую дапамогу ў іх лячэнні, каб яны мелі памкненні і мары, якія, можна смела сказаць, выходзяць за межы Зямлі", - сказаў генерал.

"Сувязь з космасам узрушыла ўсіх, як дзяцей, так і дарослых. Прыемна мець магчымасць прапанаваць нашым пацыентам такія важныя падзеі, незабыўныя станоўчыя ўражанні ад знаходжання ў клініцы, якія застануцца ў іх памяці. Клапаціцца пра дзяцей і падлеткаў азначае таксама і праводзіць такія сустрэчы. Мы будзем рады бачыць палкоўніка Віладэі ў шпіталі, калі ён вернецца з палёту"- сказаў Тыцыяна Анэсці.

Малюнак пацыента Bambino Gesù
Малюнак пацыента Bambino Gesù
30 студзеня 2024, 11:18