Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін (архіўнае фота) Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін (архіўнае фота)  (ANSA)

Дзяржсакратар: нішто не апраўдвае антысемітызм

Антысемітызм адраджаецца, у тым ліку і ў сувязі з падзеямі ў Газе. Неабходна прызнаць прычыны палесцінцаў, але нішто не апраўдвае антысеміцкі рух, - такім разважаннем падзяліўся з журналістамі кардынал Паралін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Размова адбылася ў кулуарах мерапрыемства з нагоды 200-годдзя смерці кардынала Эркале Кансальві, бліжэйшага супрацоўніка Пія VII, якое прайшло ў рымскім Пантэоне і касцёле святога Марцэліна 24 студзеня 2024 года.

"Антысемітызму няма апраўдання", - сцвердзіў кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін, адказваючы на пытанне журналістаў пра Дзень памяці ахвяр Халакосту, якое будзе адзначацца 27 студзеня 2024 года.

"Я думаю, што мы павінны вельмі рашуча выступіць супраць усіх формаў антысемітызму, які, на жаль, адраджаецца, у тым ліку і з-за падзей у Газе. Няма прычын, якія маглі б апраўдаць гэтую з'яву. Прычыны палесцінцаў павінны быць пачутыя. Мы засмучаны адмовай прымаць лінію дзвюх дзяржаў. Але гэта абсалютна не апраўдвае існаванне антысеміцкага руху", - зазначыў кардынал Паралін.

На пытанне пра магчымасць вяртання прэзідэнта Трампа ў Белы дом Дзяржаўны сакратар адказаў, што гэта "унутраная гульня” ЗША і пажадаў, каб "выбары сталі інструментам для забеспячэння дабрабыту ўсіх людзей” і каб “лідары нацый прымалі блізка да сэрца карысць грамадства, краіны і, перш за ўсё, самых бедных слаёў насельніцтва".

Каментуючы нядаўняе вызваленне 19 прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла ў Нікарагуа, іерарх адзначыў, што не ведае, ці прыме Папа на аўдыенцыі біскупа Альварэса, які больш за паўтара года правёў у зняволенні. "Я не ведаю, якія будуць наступныя крокі. Аднак мы рады, што ён прыбыў сюды, што змог выйсці з турмы”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

25 студзеня 2024, 10:21