Пошук

 Арцыбіскуп Рына Фізікела (у цэнтры) з Заплечнікам пілігрыма Юбілею 2025 года і яго вытворцамі Арцыбіскуп Рына Фізікела (у цэнтры) з Заплечнікам пілігрыма Юбілею 2025 года і яго вытворцамі 

Афіцыйны заплечнік пілігрыма на Святы 2025 год

Упершыню ў гісторыі юбілейных гадоў з’явіцца афіцыйны Заплечнік пілігрыма. Рашэнне прыняла Секцыя па фундаментальных праблемах сусветнай евангелізацыі Дыкастэрыі па евангелізацыі, якой Папа даверыў арганізацыю Юбілею 2025 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Добра вядома, што пілігрымка – “гэта магчымасць пакінуць дома ўсё лішняе, узяць з сабой толькі тое, што неабходна для досведу веры і разважанняў”, - тлумачыцца ў адмысловай заяве. Менавіта таму ўпершыню з нагоды “такой значнай падзеі ў жыцці Касцёла” арганізатары вырашылі прапанаваць прадукт, распрацаваны і створаны для тых, хто вырашыць здзейсніць падарожжа ў Рым. Выраб паломніцкіх заплечнікаў даверылі рымскай кампаніі Stegip4.

“Я добра ведаю, наколькі карысным можа быць заплечнік падчас пілігрымкі і як важна захаваць яго, з прыкметамі часу і зносу, як сведкі, поўнага ўспамінаў пра тыя дні малітвы і разважанняў, поўных эмоцый і таму незабыўных”, - сказаў прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела.

Заплечнік, які неўзабаве з’явіцца ў продажы, а таксама ўсе аксесуары паломніцкага набору (шыракаполы капялюш, шалік, бутэлька для вады, непрамакальны плашч, ружанец), былі выраблены з перапрацаваных і экалагічна чыстых матэрыялаў.
 

12 студзеня 2024, 12:10