Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Абнародаваны новыя дэкрэты Дыкастэрыі па справах кананізацыі

24 студзеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, і ўпаўнаважыў гэта ведамства абнародаваць новыя дэкрэты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Гаворка ідзе пра прызнанне цуду праз заступніцтва канадскай законніцы, благаслаўлёнай Мары-Леані Парадзі (свецкае імя Аладзі Вірджыні, 1840-1912). Яна з'яўляецца заснавальніцай жаночай манаскай кангрэгацыі Малых Сясцёр Святой Сям’і, місія якой заключаецца ў аказанні матэрыяльнай і духоўнай дапамогі духавенству праз працу на плябаніях, у калегіумах і духоўных семінарыях.

Іншы дэкрэт тычыцца прызнання мучаніцтва польскага святара, ксяндза Міхала Рапача (1904-1946), забітага з нянавісці да веры ў перыяд устанаўлення камуністычнай дыктатуры ў Польшчы. Нягледзячы на пагрозы і небяспеку ён працягваў рупліва выконваць душпастырскія абавязкі ў вёсцы Плокі на поўдні краіны, выказваючы гатоўнасць нават ахвяраваць жыццём за вернасць Хрысту і Касцёлу. Увечары 11 мая 1946 года яго выкралі ўзброеныя прыхільнікі камуністычнай ідэалогіі і жорстка забілі ў адным з бліжэйшых лясоў.

Наступныя дэкрэты тычацца прызнання гераічнасці цнот чатырох Слуг Божых. У першую чаргу гаворка ідзе пра армянскага капуцына, біскупа Гюрэха Аванеса Зарабяна (1881-1972), якога многія армянскія вернікі лічылі святым яшчэ пры жыцці. Гэты пастыр шмат рупіўся пра армян у Турцыі, Грэцыі, Сірыі і Італіі, атуляючы клопатам моладзь, якая страціла бацькоў падчас генацыду, дапамагаючы сваім суайчыннікам, якія апынуліся на чужбіне, адкрываючы для іх дзверы манастыроў, засноўваючы школы, касцёлы і дамы для духавенства.

Яшчэ адным дэкрэтам Дыкастэрыі па справах кананізацыі была прызнана гераічнасць цнот італьянскага капуцына, айца Джанфранка Марыі Гіці (1921-2004), які прайшоў цярністы жыццёвы шлях ад ўдзельніка Другой сусветнай вайны на баку фашысцкай Італіі і некаторых іншых ваенных кампаній да душпастыра і вайсковага капелана.

Святы Пасад таксама прызнаў гераічнасць цнот іспанскага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Себасцьяна Гілі Вівэса (1811-1894), вядомага сваім бясстрашным клопатам пра дзяцей і бедных падчас эпідэміі халеры, глыбокім малітоўным жыццём і распаўсюджваннем культа Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Апошні дэкрэт, які распарадзіўся абнародаваць Папа, тычыцца італьянскай манахіні Мадалены ад святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса (свецкае імя Мадалена Роза Вальпата, 1918-1946) з кангрэгацыі Дачок Касцёла. Яе нядоўгае жыццё было пазначана цяжкімі хваробамі і малітвай. Незадоўга да смерці сястра Мадалена ахвярала сябе Богу, горача просячы аб адзінстве паміж хрысціянамі.

 

24 студзеня 2024, 11:37