Пошук

Ватыканскія музеі Ватыканскія музеі 

У Ватыкане прайшла канферэнцыя на тэму спадчыны Вострава Пасхі

Адбылася апошняя ў гэтым годзе сустрэча ў межах Музейных чацвяргоў, якія арганізоўваліся Ватыканскімі музеямі. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў форуму была багатая гісторыя Вострава Пасхі.

Ян Глінскі

Вялікая спадчына Малой Рапа-Нуi – пад такой назвай прайшла канферэнцыя, прысвечаная антрапалагічнай, гістарычнай, сацыяльнай і рэлігійнай спадчыне гэтай невялікай – плошчай у 163,6 квадратных кіламетраў – чылійскай палінезійскай зямлі, што знаходзіцца ў цэнтры Ціхага акіяна. На тэрыторыі Рапа Нуі, вядомай таксама як востраў Пасхі, знаходзяцца, між іншым, славутыя моаі – велізарныя антрапаморфныя скульптуры, якія нагадваюць аб продках мясцовага насельніцтва.

Як патлумачылі арганізатары (Дырэкцыя Ватыканскіх музеяў і Пасольства Чылі пры Апостальскай Сталіцы ў супрацоўніцтве з Кангрэгацыяй Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі), галоўная мэта мерапрыемства – даследаваць багацце гэтай культуры і яе ўнёсак у экалагічныя і сацыялагічныя выклікі сучаснага свету.

“Рапа-Нуі – гэта значна больш, чым проста мегалітычныя помнікі і экзатычны ландшафт. Гэта сапраўдная лабараторыя грамадства, якое на працягу дзесяцігоддзяў было цалкам ізалявана ад свету і яго адаптыўных механізмаў, якія забяспечваюць выжыванне”, – адзначыла Соня Хаоа Кардыналі, чылійская археолаг і антраполаг, якая паходзіць з вострава Пасхі.

Паводле меркавання даследчыцы, спецыфіка тэрыторыі вострава “дае цвёрдыя ўрокі на тэму прасоўвання ўраўнаважанага развіцця”, а таксама ключы для “барацьбы з прычынамі змены клімату”. Археолаг пераканана, што “выключныя рысы гэтага вострава, такога аддаленага ад іншых населеных пунктаў, дапамагаюць зразумець пазітыўныя і негатыўныя наступствы культурных і тэхналагічных змен, якія адбываюцца ў грамадстве”.

Нягледзячы на тое, што першыя еўрапейцы прыбылі на востраў Пасхі ў сярэдзіне XVII стагоддзя, афіцыйнае прыбыццё евангелізацыйнай місіі адбылося толькі ў 1864 годзе на чале з братам Эжэнам Эйро з Кангрэгацыі Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі. Пра яго намаганні па ўкараненні хрысціянскай веры ў Рапа-Нуі і працу з мясцовай супольнасцю на канферэнцыі распавёў біёграф брата Эжэна Эйро, прафесар Іў К'ярамэла.

“Вялікую спадчыну вострава Пасхі” прадставілі таксама дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята, пасол Чылі пры Апостальскай Сталіцы Патрысія Арая Гуцьерэс і кусташ этналагічнага музея Anima Mundi ксёндз Нікала Мапэлі.

Як падкрэсліла дыпламат, адна з мэтаў канферэнцыі – “паказаць частку культурнай разнастайнасці Чылі праз сведчанне аднаго з першабытных народаў”, у дадзеным выпадку рапануі, уключаных у Чылі ў 1888 годзе пасля падпісання пагаднення паміж дзяржавай Чылі і ўладарамі Рапа-Нуі. “Мы хацелі б падкрэсліць важны этап, які азнаменавала прыйсце хрысціянства на востраў праз пасрэдніцтва брата Эжэна Эйро, чыя прысутнасць адыграла неацэнную ролю ў археалагічным захаванні крыніц і артэфактаў”, – дадала Патрысія Арая Гуцьерэс.
 

01 снежня 2023, 09:20