Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Сэрца пастыра, якое ніколі не зачыняе дзверы

Пра дактрынальную дэкларацыю "Fiducia supplicans", якая дае святарам магчымасць благаслаўляць “неўрэгуляваныя” пары, а таксама пра стаўленне Езуса і служэнне Францішка, паразважаў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News Андрэа Тарніелі нагадаў словы святога Аўгусціна аб тым, што ніхто не прыходзіць да Езуса, калі яго не цягне: Nemo venit nisi tractus. “У аснове нашай цягі да Езуса – той цягі, пра якую казаў Бэнэдыкт XVI, нагадваючы пра распаўсюджванне веры, - заўсёды ляжыць дзеянне ласкі Божай. Бог заўсёды папярэднічае нам, заклікае нас, прыцягвае нас, прасоўвае нас на крок бліжэй да Яго ці, прынамсі, запальвае ў нас жаданне зрабіць гэты крок, нават калі нам здаецца, што не хапае сіл, і мы адчуваем сябе паралізаванымі”, - напісаў Тарніелі.

Сэрца пастыра не можа заставацца абыякавым да людзей, якія падыходзяць да яго з пакорнай просьбай аб благаслаўленні, незалежна ад іх стану, гісторыі ці жыццёвага шляху. Сэрца пастыра не гасіць мігатлівы агеньчык таго, хто адчувае сваю непаўнату і ведае, што мае патрэбу ў міласэрнасці і дапамозе звыш. Сэрца пастыра бачыць у гэтай просьбе аб благаслаўленні расколіну ў сцяне, малюсенькую шчыліну, праз якую, магчыма, ужо дзейнічае ласка Божая. Таму яго першы клопат – не зачыняць гэтую адтуліну, а вітаць і прасіць аб благаслаўленні і міласэрнасці, каб людзі, якія стаяць перад ім, маглі зразумець Божы план для іх жыцця, - напісаў эксперт.

Гэтае ўсведамленне адлюстравана ў дэкларацыі Fiducia supplicans, якая дае магчымасць благаслаўляць неўрэгуляваныя пары, у тым ліку і аднаполыя. Удакладняецца, што благаслаўленне ў гэтым выпадку не азначае адабрэння іх жыццёвага выбару, і падкрэсліваецца неабходнасць пазбягаць рытуалізацыі або іншых элементаў, якія могуць нават аддалена імітаваць сужэнства. Дакумент канкрэтызуе словы Францішка, напісаныя ім у Evangelii Gaudium: “Касцёл — не мытня, а бацькоўскі дом, дзе ёсць месца для кожнага з яго нялёгкім жыццём”.

На думку галоўнага рэдактара, дэкларацыя мае евангельскія карані. Амаль на кожнай старонцы Евангелля Езус парушае традыцыі, рэлігійныя прадпісанні і сацыяльныя ўмоўнасці. Ён здзяйсняе ўчынкі, якія шакуюць так званых чыстых, праведных, тых, хто агароджвае сябе нормамі і правіламі, каб дыстанцыявацца, адштурхнуць і зачыніць дзверы. Амаль на кожнай старонцы Евангелля мы бачым, як Настаўніка спрабуюць загнаць у кут прыдзірлівымі пытаннямі, а затым абурана наракаюць на тое, што прымае грэшнікаў і падзяляе з імі ежу!

Тарніелі ўзгадаў шматлікія евангельскія эпізоды, у якіх Езус выказаў міласэрнасць да грэшнікаў: увайшоў у дом рымскага цэнтурыёна, язычніка, каб ацаліць слугу; дазволіў грэшніцы абмыць сабе ногі; наблізіўся да мытніка Закхея; не асудзіў чужаложніцу, якую па законе належала пабіць камянямі; дакрануўся да пракажонага, ацаліўшы яго і ад хваробы, і ад кляйма ізгоя. Гэтыя апошнія, адрынутыя сустрэлі Яго погляд і адчулі сябе любімымі, адчулі абдымкі міласэрнасці, падараваныя ім без якіх-небудзь папярэдніх умоў. Яны зразумелі, што яны такія ж бедныя грэшнікі, як і ўсе астатнія, якія маюць патрэбу ў навяртанні, - напісаў Андрэа Тарніелі.

У лютым 2015 года, звяртаючыся да новых кардыналаў, Францішак казаў: "Для Езуса важней за ўсё дасягнуць і выратаваць тых, хто далёка, вылечыць раны хворых, далучыць усіх да Божай сям'і! І гэта шакуе некаторых людзей! Езус не баіцца такога скандалу! Ён не звяртае ўвагі на закрытых людзей, якіх шакуюць нават справы вылячэння, любая адкрытасць, любое дзеянне, якое выходзіць за межы іх ментальных і духоўных рамак, любая ласка або знак пяшчоты, якія не адпавядаюць іх звыкламу мысленне і іх рытуальнай чысціні".

У дэкларацыі падкрэсліваецца, што нязменнае каталіцкае вучэнне аб сужэнстве не мяняецца: толькі ў кантэксце сужэнства сэксуальныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай знаходзяць свой натуральны, адэкватны і цалкам чалавечы сэнс. Таму неабходна пазбягаць прызнання сужэнствам "таго, што ім не з'яўляецца". Аднак з пастырскага і місіянерскага пункту гледжання дзверы не зачыняюцца для неўрэгуляваных пар, якія жадаюць атрымаць простае благаслаўленне, магчыма, падчас наведвання святыні або пілігрымкі, - патлумачыў Андрэа Тарніелі.

Яўрэйскі навуковец Клод Монтэф'ёрэ так вызначыў асаблівасць хрысціянства: "У той час як іншыя рэлігіі апісваюць чалавецтва, якое шукае Бога, хрысціянства абвяшчае Бога, які шукае чалавека... Езус вучыў, што Бог не чакае пакаяння грэшніка, Ён сам ідзе шукаць яго, каб заклікаць да Сябе". Адчыненыя дзверы малітвы і простае благаслаўленне могуць стаць пачаткам, магчымасцю, дапамогай, - лічыць галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

19 снежня 2023, 11:37