Пошук

 Cёлетнія лаўрэаты Прэміі Ратцынгера Cёлетнія лаўрэаты Прэміі Ратцынгера  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа прыняў лаўрэатаў Прэміі Ратцынгера

30 лістапада 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі сёлетніх лаўрэатаў Прэміі Ратцынгера, двух іспанскіх тэолагаў: ксяндза Пабла Бланка Сарта з Навары і прафесара Франсеска Туральба Расэльё з Барселоны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сама цырымонія ўзнагароджання прайшла 30 лістапада вечарам. Ад імя Папы ўзнагароду ўручыў у Sala Regia Апостальскага палаца кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін.

Імкненне да таго, каб “рухацца ў высокім палёце з двума адкрытымі крыламі розуму і веры, але заўсёды з пакорай, стараннем і настойлівасцю”. Гэта спадчына, “жывая і плённая на будучым шляху Касцёла”, якую Бэнэдыкт XVI пакідае менш чым праз год пасля сваёй смерці, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Францішка.

Ксёндз Пабла Бланка Сарта з’яўляецца чальцом рэдакцыйнай рады па выданні поўнага збору твораў Ёзэфа Ратцынгера на іспанскай мове і аўтарам шматлікіх даследаванняў і выданняў, прысвечаных жыццю, вучэнню і дзейнасці Бэнэдыкта XVI.

Франсеск Туральба Расэльё – свецкі вернік і бацька пяці дзяцей – сваю педагагічную дзейнасць ў некалькіх навучальных установах Іспаніі і ЗША сумяшчае з пісьменніцкай працай і папулярызацыяй ідэй, якія тычацца філасофскай антрапалогіі і этыкі.

Прэмія Ратцынгера ўручаецца з 2010 года. Эксперты называюць яе Нобелеўскай прэміяй у галіне тэалогіі. Ініцыятарам узнагароды з’яўляецца Ватыканскі фонд імя Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI. Яго стварыў сам Пантыфік і ахвяраваў у яго даходы ад сваёй літаратурна-тэалагічнай дзейнасці. Падтрымліваюць Фонд і дабрачынцы.
 

01 снежня 2023, 10:27