Пошук

Святы Францішак трымае нованароджанага Езуса Святы Францішак трымае нованароджанага Езуса 

Незвычайныя яслі Божага Нараджэння ў Ватыкане

Сёлетнія калядныя яслі на плошчы святога Пятра будуць па-сапраўднаму незвычайнымі. Дзіцятка Езуса будзе трымаць не Марыя і не Юзаф, а святы Францішак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Практычна паўторыцца тое, што адбылося 800 гадоў таму, калі Асізскі Бядняк пасля вяртання са Святой Зямлі вырашыў паставіць першыя ў гісторыі калядныя яслі, - распавёў Vatican News Энрыка Берсан, адказны за святочныя дэкарацыі на ватыканскай плошчы.

Адкрыццё батлейкі адбудзецца 9 снежня 2023 года. Стваральнікі свядома спасылаюцца на сцэну, якая адбылася ў італьянскім Грэча 25 снежня 1223 года. Яны хочуць, каб пілігрымы задумаліся над сэнсам ініцыятывы святога Францішка.

Берсан падкрэсліў, што аўтары імкнуцца як мага больш дакладна ўзнавіць тое, што адбывалася ў санктуарыі ў Грэча, дзе святы Францішак рэалізаваў сваю незвычайную інтуіцыю. Таму было вырашана стварыць тэатральныя дэкарацыі. Для гэтага прыцягнулі лепшых сусветных спецыялістаў з рымскай кінастудыі Cinecittà. План распрацаваў Франчэска Артэзэ. Фігуры былі зроблены адным з самых вядомых неапалітанскіх майстроў Антоніа Кантонэ.

“Такім чынам, гэта сапраўдны твор мастацтва. Упершыню на заднім плане будуць фрэскі і жывапіс. І ў той жа час у батлейцы спалучацца розныя італьянскія традыцыі: Неапаль, Базіліката, Рым, Венецыя... фактычна ўся Італія, і ўсё гэта ў духу таго, што адбывалася 800 гадоў таму”, - падзяліўся Энрыка Берсан.
 

06 снежня 2023, 10:07