Пошук

Кардынал Паралін наведаў маленькіх пацыентаў Bambino Gesù

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы наведаў 22 снежня 2023 года ватыканскі дзіцячы шпіталь, каб перадаць хворым і медыкам віншаванні і падарункі Святога Айца.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Падчас традыцыйнага візіту ў клініку кардынал П’етра Паралін наведаў каля дваццаці маленькіх пацыентаў аддзялення гастраэнтэралогіі, памаліўся і паразмаўляў з бацькамі.

Сямігадовы Анджэла з правінцыі Лечэ перанёс перасадку печані; Андрэа, таксама шпіталізаваны для перасадкі печані, прайшоў у клініцы школьныя іспыты і атрымаў дыплом; Свэва лечыцца ў ватыканскай бальніцы ўжо дзесяць гадоў, ад самага нараджэння. “Cвятой Свэвы няма. Можа, стане яна”, - з сумнай усмешкай сказала маці. "І вы, бацькі, таксама”, - сцвердзіў кардынал Паралін.

15-гадовая Валерыя пакутуе на хваробу Вільсана; паўтарагадовы Лука правядзе свята далёка ад старэйшых братоў; двайняты Козіма і Вінчэнца пасля аперацыі будуць наведваць школу гасцінічнага бізнесу, бо мараць аб прафесіі кухара. "Гэта запатрабаваная прафесія... Вы вяртаецеся да нармальнага жыцця. Будзьце мужнымі!" – падбадзёрыў хлопчыкаў кардынал Паралін.

Іерарх спыніўся ля кожнага пацыента, распытаў пра тэрапію, паталогіі, выздараўленне, суцешыў маці. Двухгадовы Крысціян прыехаў на лячэнне з Албаніі, яшчэ адна маленькая дзяўчынка – з Косава. Джазуэ перанёс ужо "18-20 аперацый". Бліжэйшы супрацоўнік Папы пазычыў хлопчыку хутчэй ажыццявіць сваю мару: выйсці з бальніцы.

Пасля наведвання хворых, іерарх сустрэўся з медыкамі, медсёстрамі і валанцёрамі шпіталю. “У пэўным сэнсе, вы – агенты Святога Пасада", - запэўніў ён персанал бальніцы.

Дзяржаўны сакратар адзначыў, што “ў апошні час многія задаюць сабе пытанне: ці павінен Святы Пасад мець бальніцы, кіраваць бальніцамі...” На яго думку, Касцёл “выконвае місію Езуса па лячэнню хворых. Ён прыйшоў ацаляць, дараваць грахі, а таксама лячыць, вылечваць дух і цела. Ён даручыў гэтую місію вучням, а Касцёл заўсёды працягваў выконваць яе, і сёння ажыццяўляе яе дзякуючы Bambino Gesù".

“Сваёй працай вы сведчыце аб гэтай місіі, якую Езус даручыў вучням", - звярнуўся да медыкаў кардынал Паралін, заахвочваючы іх рухацца наперад з "запалам і энтузіязмам", але, перш за ўсё, быць блізкімі да сем'яў хворых. "Сёння мы ведаем, што неабходна падтрымліваць сем'і, у складаных сітуацыях, у праблемах, у цяжкасцях. Будзьце для пацыентаў і іх сем'яў падставай для надзеі", - заклікаў Дзяржсакратар.

23 снежня 2023, 10:42