Пошук

Кардынал Конрад Краеўскі падчас святочнай цэлебрацыі ў Бэтлееме Кардынал Конрад Краеўскі падчас святочнай цэлебрацыі ў Бэтлееме

Кардынал Краеўскі ў Бэтлееме з малітвай за мір і блізкасцю Папы

“Мая прысутнасць у Святой Зямлі – гэта знак блізкасці Папы да людзей, якія пакутуюць ад канфлікту, і яна вельмі важная для іх”, - заўважыў кардынал Конрад Краеўскі, які святкаваў Божае Нараджэнне ў Бэтлееме.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я малюся аб міры, абмяркоўваю магчымасці далейшага аказання гуманітарнай дапамогі і спрабую прыцягнуць увагу палітыкаў да неабходнасці спыніць гэту вайну”, - падзяліўся прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні ў каментары для Vatican News.

Папскі пасланнік прызнаўся, што глыбокім перажываннем для яго стала святочная святая Імша, якую ён цэлебраваў разам з кардыналам П’ербатыстам Піцабалам, Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма, у базіліцы Нараджэння Пана ў родным горадзе Езуса Хрыста.

“У ёй бралі ўдзел каля 2 тысяч чалавек, галоўным чынам жыхары Бэтлеема, бо наплыў пілігрымаў абмежаваны... Амаль усе падышлі да мяне пасля літургіі, каб выказаць удзячнасць Папу, які – як яны падкрэслівалі – ніколі не пакінуў іх, заўсёды блізкі да іх і пакутуе разам з імі”, - адзначыў іерарх.

Кардынал Краеўскі сустрэўся таксама са сваякамі людзей, заблакаваных у сектары Газа, і выказаў свой боль з той прычыны, што не мае магчымасці ім дапамагчы. Ён таксама паразмаўляў са святаром, які апякуецца людзьмі розных веравызнанняў, што хаваюцца ад бамбардзіровак і абстрэлаў у адзінай каталіцкай парафіі ў Газе. Сярод іх – 50 параненых, якія патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі, але ў зоне баявых дзеянняў існуе востры недахоп нават самых базавых лекаў.

Сітуацыя з адсутнасцю медыцынскіх сродкаў была аблегчана ў калядныя дні, дзякуючы намаганням караля Іарданіі Абдулы ІІ, які здолеў атрымаць дазвол на скіраванне верталёта з лекамі і гуманітарнай дапамогай для жыхароў Газы. “Многія краіны не змаглі зрабіць нічога, але кароль маленькай дзяржавы – змог”, - заўважыў ватыканскі кардынал, дадаючы, што “гэтыя лекі сталі благаслаўленнем Божага Нараджэння праз адважных людзей, якія, нягледзячы ні на што, шукаюць адкрытыя шчыліны, каб прынесці дапамогу”.

Папскі элемазінарый падкрэсліў, што ўжо зараз неабходна рыхтавацца да таго, каб “па заканчэнні гэтай праклятай вайны, неадкладна вырушыць з неабходнай дапамогай”: не толькі дастаўляць прадукты харчавання і медыцынскія сродкі, але таксама адбудоўваць дамы, школы і шпіталі. “Мы павінны зразумець як дзейнічаць, каб дапамагчы гэтым людзям, каб арганізаваць нешта на міжнародным узроўні, каб падтрымаць іх”, - дадаў адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў Святога Айца.

26 снежня 2023, 11:16