Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дактрынальная дэкларацыя пра благаслаўленне "неўрэгуляваных" пар

Дыкастэрыя веравучэння апублікавала дэкларацыю "Fiducia supplicans", якую зацвердзіў Папа. Дакумент дае магчымасць благаслаўляць пары аднаго полу, без правядзення абраду альбо імітацыі шлюбу. Вучэнне аб сужэнстве не мяняецца, благаслаўленне не азначае адабрэння саюза.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святар можа згадзіцца на просьбу аб благаслаўленні двух чалавек, нават калі стан пары неўрэгуляваны. Аднак гэты жэст пастырскай блізкасці не павінен утрымліваць элементы, нават аддалена падобныя на абрад сужэнства. Пра гэта гаворыцца ў дэкларацыі Fiducia supplicans аб пастырскім значэнні благаслаўлення, якую апублікавала Дыкастэрыя веравучэння і зацвердзіў Папа. У дакуменце паглыблена разглядаецца тэма благаслаўлення, абрадавыя і літургічныя благаслаўленні адрозніваюцца ад спантанных, больш падобных на жэсты народнай пабожнасці: менавіта ў рамках другой катэгорыі разглядаецца магчымасць прымаць таксама тых, хто не жыве ў адпаведнасці з нормамі хрысціянскага маральнага вучэння, але пакорліва просіць благаслаўлення. Дэкларацыя Дыкастэрыі веравучэння – вельмі значны дактрынальны дакумент. У апошні раз яго публікавалі 23 гады таму: у жніўні 2000 года ўбачыла свет дэкларацыя Dominus Jesus.

Fiducia supplicans пачынаецца ўвядзеннем прэфекта, кардынала Віктара Фернандэса, які тлумачыць, што дэкларацыя паглыбляе "пастырскае значэнне благаслаўлення”, дазваляючы “пашырыць і ўзбагаціць яго класічнае разуменне” праз тэалагічнае асэнсаванне “на аснове пастырскага бачання Папы Францішка”. Разважанне, якое "азначае сапраўднае развіццё таго, што было сказана пра благаслаўленне" да гэтага часу, уключаючы магчымасць благаслаўляць пары ў неўрэгуляваным статусе і аднаполыя пары, без афіцыйнага зацвярджэння іх статусу і не змяняючы ніякім чынам векавечнае вучэнне Касцёла аб сужэнстве".

Пасля ўступных пунктаў (1-3), якія нагадваюць пра папярэднюю заяву ад 2021 года, якая была дапоўненая і пашыраная, дэкларацыя прадстаўляе благаслаўленне ў сакрамэнце сужэнства (4-6), абвяшчаючы “недапушчальнымі абрады і малітвы, якія маглі б стварыць блытаніну ў тым, што складае сужэнства” і “тым, што яму супярэчыць”, каб любым спосабам прадухіліць прызнанне “cужэнствам таго, што ім не з'яўляецца”. Дакумент нагадвае, што згодна з "векавым каталіцкім вучэннем", сэксуальныя адносіны лічацца дазволенымі толькі паміж мужчынам і жанчынай у шлюбе.

Другі раздзел дакумента (7-30) аналізуе значэнне розных благаслаўленняў: людзей, культавых прадметаў, памяшканняў. Нагадваецца, што “з літургічнага пункту гледжання "благаслаўленне патрабуе, каб тое, што благаслаўляецца, "адпавядала волі Божай, выказанай у вучэнні Касцёла". Калі праз літургічны абрад "благаслаўленне заклікаецца на чалавечыя адносіны”, неабходна, каб “тое, што благаслаўляецца, адпавядала Божай задуме, упісанай у Стварэнне" (11). Таму Касцёл не мае паўнамоцтваў удзяляць літургічнае благаслаўленне неўрэгуляваным або аднаполым парам. Але неабходна пазбегнуць рызыкі звесці значэнне благаслаўлення толькі да гэтай акалічнасці, патрабуючы для простага благаслаўленне такіх жа маральных умоў, якія неабходныя для прыняцця сакрамэнтаў" (12).

На аснове аналізу благаслаўленняў у Святым Пісанні дэкларацыя прапануе іх тэалагічна-пастырскае асэнсаванне. Той, хто просіць благаслаўлення, "паказвае, што мае патрэбу ў збаўляючай Божай прысутнасці ў сваёй гісторыі”, бо звяртаецца з "просьбай да Бога аб дапамозе, молячы аб магчымасці лепшага жыцця " (21). Гэтую просьбу варта прымаць і шанаваць “па-за межамі літургічных рамак”, “у сферы большай спантаннасці і свабоды” (23). Разглядаючы іх з пункту гледжання народнай пабожнасці, “благаслаўленні варта ацэньваць як акты пабожнасці". Таму для таго, каб іх удзяляць, няма неабходнасці патрабаваць "папярэдняй маральнай дасканаласці" як перадумовы.

Маючы на ўвазе гэта адрозненне, грунтуючыся на адказе Францішка на dubia кардыналаў, апублікаваным у кастрычніку 2023 года, які заахвочваў распазнаванне магчымасці "формаў благаслаўлення па просьбе адной або некалькіх асоб, якія не перадаюць ілжывае ўяўленне аб сужэнстве” (26), у дакуменце сцвярджаецца, што гэты тып благаслаўлення ўдзяляецца ўсім, нічога не патрабуючы, даючы людзям адчуць, што яны застаюцца благаслаўлёнымі, нягледзячы на свае памылкі, і што “Нябесны Айцец у далейшым жадае ім дабра і спадзяецца на тое, што яны, у рэшце рэшт, адкрыюцца на дабро” (27).

Існуюць "розныя выпадкі, калі людзі спантанна прыходзяць прасіць благаслаўлення, няхай гэта будзе падчас пілігрымкі, у санктуарыях ці нават на вуліцы пры сустрэчы са святаром”, і такія благаслаўленні “прызначаныя для ўсіх, ніхто не можа быць выключаны” (28). Таму, захоўваючы забарону на афіцыйнае ўвядзенне "працэдур або абрадаў" для гэтых выпадкаў, святар можа згадзіцца на просьбу аб благаслаўленні асоб, якія “хоць і знаходзяцца ў саюзе, які ніякім чынам не з’яўляецца сужэнствам, імкнуцца даверыць сябе Пану і Яго міласэрнасці, заклікаць Яго дапамогу, каб атрымаць больш глыбокае разуменне Яго задумы любові і ісціны" (30).

Таму трэці раздзел дэкларацыі (31-41) дае магчымасць для такіх благаслаўленняў, якія з'яўляюцца жэстам у дачыненні да тых, хто “прызнаючы сябе маючымі патрэбу ў Яго дапамозе, не прэтэндуюць на легітымнасць уласнага статусу, але моляць, каб усё праўдзівае, добрае і па-чалавечы каштоўнае ў іх жыцці і адносінах было прасякнута, вылечана і ўзвышана прысутнасцю Святога Духа” (31). Такія благаслаўленні павінны быць давераны "практычнаму распазнаванню ў кожнай асобнай сітуацыі" (37). У "кароткай малітве, якая можа папярэднічаць гэтаму спантаннаму благаслаўленню, святар можа прасіць міру, здароўя, цярпення, дыялогу і ўзаемадапамогі, а таксама Божага святла і сілы для таго, каб выконваць Яго волю ў поўнай меры” (38). Таксама тлумачыцца, што, каб пазбегнуць “любой формы блытаніны і скандалу”, калі неўрэгуляваная або аднаполая пара просіць благаслаўлення, “яно ніколі не павінна ажыццяўляцца адначасова з грамадзянскімі абрадамі шлюбу або ў сувязі з імі”. Нельга выкарыстоўваць адзенне, жэсты або словы, ўласцівыя абраду сужэнства (39). Гэтая форма благаслаўлення "можа быць змешчаная ў іншыя кантэксты, такія як наведванне святыні, сустрэча са святаром, малітва, прачытаная ў групе або падчас пілігрымкі” (40).

Нарэшце, чацвёрты раздзел (42-45) нагадвае аб тым, што "нават калі адносіны з Богам азмрочаныя грахом, чалавек заўсёды можа папрасіць благаслаўлення, працягваючы да Яго руку”, імкненне да яго “можа ў некаторых сітуацыях быць магчымым дабром" (43).

18 снежня 2023, 16:49