Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад заклікаў да справядлівай і ўстойлівай рыбнай гаспадаркі

На цесную сувязь паміж экалагічнай устойлівасцю і чалавечай годнасцю работнікаў рыбнай гаспадаркі звярнуў увагу кардынал Майкл Чэрны ў пасланні да Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ФАО).

Марыя Валодзіна – Vatican News

21 лістапада 2023 года ў рымскай штаб-кватэры ФАО прайшло мерапрыемства высокага ўзроўню, прысвечанае Сусветнаму дню рыбнай гаспадаркі. Яго святкаванне дае магчымасць павысіць узровень дасведчанасці пра жыццёва важнае значэнне мора як крыніцы харчавання мільёнаў людзей, а таксама звярнуць увагу на цяжкасці, з якім сутыкаюцца работнікі рыбнай гаспадаркі.

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны скіраваў да ўдзельнікаў сустрэчы пасланне, у якім адзначыў, што Сусветны дзень рыбнай гаспадаркі - гэта добрая магчымасць падтрымаць заклік Францішка аб інтэгральнай экалогіі.

Іерарх падкрэсліў неабходнасць "абароны навакольнага асяроддзя і працоўных месцаў рыбацкіх супольнасцяў", якія сутыкаюцца з новымі эпахальнымі выклікамі. "Разбурэнне марской экасістэмы наносіць шкоду працы рыбакоў, якія добра ведаюць, наколькі важна клапаціцца аб моры, каб забяспечыць будучыню сваёй справе", - гаворыцца ў пасланні.

Кардынал Чэрны падзякаваў рыбакам за іх каштоўную цяжкую працу, якая не заўсёды цалкам прызнаецца на сацыяльным узроўні", назваўшы іх “вартавымі далікатнай раўнавагі і магчымымі піянерамі інтэгральнай экалогіі".

Удзел у мерапрыемстве прыняла сястра Алесандра Смерылі, сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, якая таксама падкрэсліла цесную сувязь паміж сацыяльнымі і экалагічнымі праблемамі ў гэтым жыццёва важным сектары эканомікі.

Яна нагадала пра нядаўнюю апостальскую адгартацыю Laudate Deum, у якой Францішак папярэджвае аб тым, што тэхнічны прагрэс здольны паставіць пад пагрозу жыцці многіх жывых істот і наша ўласнае выжыванне. Адну з такіх пагроз уяўляе сабой інтэнсіўнае прамысловае рыбалоўства. Адсюль неабходнасць супрацьстаяць гэтай пагрозе і прыслухоўвацца да галасоў рыбакоў, якія займаюцца дробным промыслам. Сястра Смерылі пацвердзіла нязменную блізкасць Касцёла да тых, хто змагаецца за чалавечую годнасць і клапоціцца аб планеце.

Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ФАО, мансеньёр Фэрнанда Арэльяна нагадаў пра заклік Францішка аб экалагічным навяртанні, якое б ставіла ў цэнтр любой дзейнасці, у тым ліку і рыбалоўнай, абарону людзей і навакольнага асяроддзя. Гэта навяртанне "патрабуе рэалізацыі карпаратыўнай стратэгіі сацыяльнай адказнасці і пастаяннай салідарнасці, якая пераважае над меркаваннямі, арыентаванымі выключна на прыбытак", - сказаў прадстаўнік Святога Пасада.

Напрыканцы прамовы ён нагадаў пра ўнёсак Каталіцкага Касцёла ў дабрабыт рыбакоў, якім праз душпастырскую службу Stella Maris аказваецца чалавечая і духоўная дапамога.

22 лістапада 2023, 12:25