Пошук

Удзельнікі святкавання 50-годдзя Панафрыканскага біскупскага камітэта па камунікацыі Удзельнікі святкавання 50-годдзя Панафрыканскага біскупскага камітэта па камунікацыі  

Руфіні: хрысціянская камунікацыя павінна спрыяць адзінству

Камунікаваць у хрысціянскім стылі значыць несці пасланне прыгажосці, - падкрэсліў прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі, акрэсліваючы галоўныя крытэрыі працы касцёльных СМІ.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Паола Руфіні прыняў удзел у святкаванні 50-годдзя з дня заснавання Панафрыканскага біскупскага камітэта па камунікацыі (СEPACS), якое прайшло 19 лістапада 2023 года ў нігерыйскім горадзе Лагас. Структура была створана ў 1973 годзе з мэтай фармацыі работнікаў касцёльных СМІ на афрыканскім кантыненце.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў, што словы “камунікацыя” і “камунія” маюць той жа самы корань. На яго думку, работнікі касцёльных медыя павінны заўсёды памятаць пра гэта і рабіць так, каб іх праца спрыяла адзінству. Руфіні падкрэсліў, што камунікаваць не значыць толькі распаўсюджваць інфармацыю, але нашмат больш.

“Камунікацыя – гэта дар, які Бог даў нам, людзям, створаным на Яго вобраз, каб былі ў адносінах адзін з адным, каб будавалі супольнасць і ткалі адзінства паміж намі”, - сказаў ён, дадаючы, што такое бачанне павінна выражацца ў стылі касцёльнай камунікацыі.

Прэфект ватыканскага ведамства звярнуў увагу на сувязь паміж духоўным жыццём і камунікацыяй Касцёла. Ён нагадаў словы Паўла VI, які сказаў на заканчэнне першай сесіі Другога Ватыканскага Сабора: “сацыяльная камунікацыі адкрыта сведчыць пра тое, што Касцёл мае здольнасць злучаць знешняе жыццё з унутраным, дзеянне з сузіраннем, апостальства з малітвай”.

На думку Руфіні, у актуальным кантэксце імклівага развіцця сектара камунікацыі, звязаным з больш шырокім выкарыстаннем штучнага інтэлекту, неабходна “ўсім разам шукаць шлях да хрысціянскага стылю адносін” і “цалкам чалавечай камунікацыі”, не пазбаўленай вымярэння клопату.

“Усе разам, праз радыё, інтэрнэт і сацыяльныя СМІ, мы можам пабудаваць сістэму, місія якой будзе заключацца ў сілкаванні словам праўды, заснаваным на досведзе Пяцідзясятніцы, спалучаным з духам дзялення, а не Вавілону. Давайце дазволім пасланню падарожнічаць ад чалавека да чалавека, як нечаму прыгожаму, таму што праўдзіваму: прыгожаму, бо яно перажыта асабіста; прыгожаму, бо яно расказвае пра прыгажосць”, - заклікаў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі.
 

20 лістапада 2023, 09:30