Пошук

Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін 

Паралін: Кодэкс кананічнага права 1983 года застаецца актуальным

Корпус юрыдычных нормаў Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду, натхнёны вучэннем Другога Ватыканскага Сабора, захоўвае сваю актуальнасць і сёння, - лічыць Дзяржсакратар.

Марыя Валодзіна - Vatican News

7 лістапада 2023 года кардынал П'етра Паралін прыняў удзел у канферэнцыі, прымеркаванай да саракавой гадавіны прыняцця Кодэкса кананічнага права (Codex Іuris Canonici). Форум быў арганізаваны Балонскім універсітэтам. На думку іерарха, гэты нарматыўны інструмент, прыняты ў 1983 годзе, застаецца прыдатным для цяперашняга часу і бліжэйшай будучыні, таму што добра выконвае сваю задачу па захаванню кананічнага парадку і рэгуляванню адносін унутры Касцёла.

Першы Кодэкс кананічнага права

Кардынал Паралін патлумачыў, што першы Кодэкс кананічнага права з'явіўся ў Касцёле ў перыяд місіянерскай экспансіі пасля Першага Ватыканскага Сабора, але ў выніку страты Папскай дзяржавы адчувалася таксама тэрміновая неабходнасць правядзення "рэформаў, якія б аб'ядналі Касцёл вакол пераемніка святога Пятра". Патрабаваліся "выразныя і пэўныя нормы для рэгулявання дзейнасці", а таксама "юрыдычная мова, якая, па магчымасці, спрыяла б дыялогу з дзяржаўнымі ўстановамі".

Першы Кодэкс уяўляў сабой не столькі новы закон, колькі зборнік усіх папярэдніх нормаў, пазбаўлены некаторых супярэчлівых і састарэлых элементаў, у якім, тым не менш, засталіся некаторыя лішнія элементы. У выніку атрымаўся "моцна цэнтралізаваны і засяроджаны, перш за ўсё, на сацыяльнай аднастайнасці" юрыдычны інструмент, які, тым не менш, уключаў у сябе і традыцыйныя элементы “высокай пастырскай каштоўнасці”.

Рэформа Кодэкса 1917 года

Калі, з аднаго боку, Кодэкс 1917 года дазволіў дасягнуць “яснасці і пэўнасці кананічнага рэгулявання, спрыяючы адзінству Касцёла ва ўсім свеце", з другога боку, ён меў прабелы з-за адсутнасці "сувязі з сацыяльным жыццём Касцёла". Таму Папа Ян XXIII заклікаў да рэформы кананічнага права ў свеце прапаноў і прынцыпаў Другога Ватыканскага Сабора.

Інавацыі Кодэкса 1983 года

Кодэкс кананічнага права 1983 года дазволіў дасягнуць дэцэнтралізацыі, якая павялічыла здольнасць Касцёла адаптавацца да розных культурных сітуацый, якія існуюць у свеце. Па гэтай прычыне не было кадыфікавана тое, што ў далейшым магло б запатрабаваць новых змен, напрыклад, літургічныя нормы, працэсы беатыфікацыі, структура Рымскай курыі. За апошнія сорак гадоў, якія прайшлі з моманту прыняцця Кодэкса, некалькі канонаў былі змененыя, але гэта не прывяло да "дысбалансу ўнутры сістэмы". На думку Дзяржаўнага сакратара, "магчымыя рэалістычныя альтэрнатывы цяперашняму Кодэксу кананічнага права" адсутнічаюць. Акрамя таго, яго змяненне запатрабавала б папярэдняй мадыфікацыі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, "таму што менавіта ён вызначае пытанні дактрынальнага зместу, апісаныя ў канонах". Але не выключана, "што ў некаторых канкрэтных сітуацыях” Святы Пасад можа палічыць мэтазгодным стварыць спецыяльныя юрыдычныя нормы, неабходныя для рэгулявання асабліва складаных сітуацый, - лічыць кардынал Паралін.

08 лістапада 2023, 13:53