Пошук

Кардынал Марчэла Сэмерара і Папа Францішак Кардынал Марчэла Сэмерара і Папа Францішак  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Сэмерара: святасць стварае сяброўства

Касцёл – гэта асяроддзе, у якім квітнее святасць. Святасць стварае сяброўства і калі мы пойдзем на неба, убачым многіх з тых, хто дапамагаў нам быць добрымі хрысціянамі, - падкрэсліў кардынал Марчэла Сэмерара.

Ян Глінскі

“Дагэтуль, калі гаварылася пра святых, мы глядзелі галоўным чынам на асобнага чалавека, магчыма, ухваляючы яго якасці, падкрэсліваючы харызму або дары цудаў. На гэты раз мы хочам паглядзець на Касцёл як на асяроддзе, месца, дзе квітнее святасць”, - адзначыў прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі.

13-16 лістапада 2023 года па ініцыятыве гэтага ватыканскага ведамства адбылася міжнародная канферэнцыя аб паўсюдным пакліканні да святасці, напрыканцы якой яе ўдзельнікаў прыняў на аўдыенцыі Папа.

Кардынал Сэмерара падкрэсліў, што галоўным месцам супольнасці з’яўляецца сям’я, дзе чалавек сустракае дзеянне дару хросту, які прышчэплівае верніка да цела Хрыстовага, і дару сакрамэнту сужэнства, які яднае сужонкаў.

Кардынал прывёў у якасці прыкладу польскую сям’ю Ульмаў, беатыфікацыю якой ён узначальваў у Польшчы ў верасні 2023 года. “Яны паказалі, як сапраўды дзейнічае дар сакрамэнту сужэнства”, - сказаў іерарх. Юзаф і Вікторыя Ульмы разам з шасцю дзецьмі былі забітыя ў 1944 годзе нямецкімі салдатамі за тое, што далі сховішча яўрэям. Загінула таксама іх сёмае дзіцятка, якое нарадзілася падчас гэтага злачыннага акту. Кардынал адзначыў, што ў сям’і Ульмаў быў звычай разам чытаць Біблію, і сапраўды кранальным з’яўляецца тое, што ў сваім асобніку Святога Пісання яны напісалі слова “так” каля прыпавесці пра добрага самараніна. Бо гэтая сям’я аддала сваё жыццё за ўчынак міласэрнасці –хаванне яўрэяў.

Прэфект нагадаў, што Касцёл – гэта перш за ўсё Абранніца Хрыстовая: “Усе адносіны, якія мы ствараем, нават у межах сінадальнасці, звязаныя з прыналежнасцю да Хрыста Жаніха”.

У размове з Vatican News кардынал Сэмерара прыгадаў свой візіт у Іспанію, дзе ён наведаў дом святога Яна Авільскага, доктара Касцёла. “Я быў уражаны, калі ўбачыў там выявы многіх іншых святых: Ігнацыя Лаёлы і Францішка Борджа. Было іх сем ці восем. Кім яны былі? Усе яны былі сябрамі. Бо святасць стварае сяброўства”, – падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Ён таксама прыгадаў словы святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, прамоўленыя ёю незадоўга да сваёй смерці: “Я ўпэўнена, калі мы пойдзем на неба, то ўбачым многіх з тых, хто дапамагаў нам быць добрымі хрысціянамі”.

Дыкастэрыя па справах кананізацыі рэгулярна арганізоўвае канферэнцыі для паглыблення разумення тэмы святасці. У гэтым годзе ўдзельнікі сустрэчы канцэнтраваліся на аспекце cупольніцкага яе вымярэння.
 

17 лістапада 2023, 07:41