Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (TK KBS/ Peter Hric)

Кардынал Паралін: неабходна аднавіць узаемны давер

Сітуацыя на Блізкім Усходзе, вайна ва Украіне і магчымасць склікання міжнароднай мірнай канферэнцыі, – такія тэмы пракаментаваў 17 лістапада 2023 года кардынал П’етра Паралін.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У кулуарах мерапрыемства, прысвечанага тэме абароны дзяцей ад злоўжыванняў, якое прайшло ў пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе, Дзяржсакратар Яго Святасці адказаў на пытанні журналістаў, звязаныя з узброенымі канфліктамі ў розных частках свету.

Паралін адзначыў, што драматычная сітуацыя на Блізкім Усходзе працягвае выклікаць вялікую занепакоенасць. Асаблівага асуджэння заслугоўваюць ваенныя дзеянні, накіраваныя на бальніцы. "Павага да шпіталяў і рэлігійных месцаў з'яўляецца фундаментальным аспектам міжнароднага гуманітарнага права. Няма ніякіх прычын выкарыстоўваць бальніцы для любых ваенных дзеянняў”.

Вызваленне закладнікаў і спыненне агню

Паводле кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, вызваленне ізраільскіх закладнікаў, якія знаходзяцца ў руках ХАМАС - жанчын, мужчын, дзяцей, немаўлят, цяжарных жанчын - з'яўляецца “адным з асноўных момантаў вырашэння цяперашняй праблемы”. Іншым ключавым момантам з'яўляецца спыненне агню, дастаўка гуманітарнай дапамогі і лячэнне параненых.

Клопат аб хрысціянскай супольнасці Газы

Кардынал Паралін падзяліўся заклапочанасцю лёсам невялікай хрысціянскай супольнасці Газы, якая налічвае 150 чалавек, якія сталі бежанцамі і хаваюцца “за касцёльнай агароджай" разам з іншымі ўцекачамі. Гэтая заклапочанасць распаўсюджваецца на ўсіх, таму што “сэрца Касцёла не можа зачыніцца на іншых". “Боль аб'ядноўвае нас, перад болем няма адрознення”, - сказаў іерарх.

Магчымы зыход хрысціян

У перспектыве канфлікт можа прывесці да зыходу хрысціян з Святой Зямлі і ўсяго Блізкага Усхода. Хрысціяне могуць “сысці, каб знайсці бяспеку і мір у іншых месцах", - сказаў Паралін.

Між тым працягваюцца дыпламатычныя намаганні. Святы Пасад “знаходзіцца ў кантакце” з рознымі суразмоўцамі, каб паспрабаваць працягнуць руку дапамогі ў вырашэнні праблемы. "Здаецца, нешта робяць Егіпет і Катар”, - адзначыў Дзяржсакратар.

Вайна ва Украіне

Адзін з журналістаў спытаў кардынала Параліна пра Украіну, пра якую "гавораць усё менш і менш". "Гэта залежыць ад вас. Менавіта вы надаяце ўвагу таму ці іншаму пытанню”, - адказаў іерарх, параіўшы пастаянна інфармаваць пра ўсе ўзброеныя канфлікты, асабліва на канфлікт ва Украіне, таму што гэта “вельмі крывавы канфлікт".

Па словах Дзяржсакратара, ён "ашаломлены" і "вельмі засмучаны" стратамі абодвух бакоў. На жаль, на сёння існуе мала перспектыў для вырашэння гэтай сітуацыі ва Украіне, але “мы павінны знайсці выхад з гэтай трагедыі", - падкрэсліў ён.

Сустрэча лідараў ЗША і Кітая

Дзяржаўны сакратар лічыць станоўчым сігналам нядаўнюю сустрэчу прэзідэнта ЗША і лідара Кітая. На яго думку, гэта "крок наперад у адносінах паміж ЗША і Кітаем”. “Яны сказалі, што нельга павярнуцца спінай адзін да аднаго. Я думаю, што гэта прагрэс у сітуацыі агульнай напружанасці”, - сказаў Паралін.

Новая мірная канферэнцыя

“Вядома, калі б была гатоўнасць усіх бакоў, мы маглі б сапраўды склікаць міжнародную канферэнцыю, на якой можна было б аднавіць дух Хельсінскай канферэнцыі”, – сказаў Дзяржсакратар. Але спачатку трэба "аднавіць мінімум узаемнага даверу”, якога сёння не хапае. З іншага боку, Хельсінская сустрэча "нарадзіўся менавіта з пераканання, што разам можна нешта зрабіць, што можна дамагчыся пэўнага прагрэсу"."Мы заўсёды шмат гаворым пра негатыўныя рэчы, але ёсць і некаторыя прыкметы надзеі. Спадзяюся, яны ўмацуюцца”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Францішка.

17 лістапада 2023, 14:45