Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (ANSA)

Кардынал Паралін: кліматычны крызіс патрабуе змены ладу жыцця

Кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у сусветнай сустрэчы рэлігійных лідараў, якая прайшла ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі напярэдадні Кліматычнай канферэнцыі ААН.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

6 лістапада 2023 года ўдзельнікі Global Faith Summit on Climate Action падпісалі сумесную дэкларацыю, абавязуючыся мабілізаваць свае рэлігійныя супольнасці для вырашэння кліматычнага крызісу і заклікаючы палітыкаў да канкрэтных рашэнняў падчас саміту COP28, які пройдзе з 30 лістапада па 12 снежня ў Дубаі. Кардынал Паралін падпісаў дэкларацыю ад імя Апостальскай Сталіцы.

У каментары для Vatican News Дзяржсакратар падкрэсліў, што вырашэнне кліматычных праблем – гэта ў першую чаргу заданне свецкіх, напрыклад палітыкаў і навукоўцаў. Аднак, экалагічны крызіс мае выразнае этычнае вымярэнне, таму для яго пераадолення важны таксама ўклад рэлігій. “Па гэтай прычыне я лічу, што рэлігійныя лідары павінны мець голас, каб сказаць нешта і дадаць матывацыі актуальным высілкам свету у вырашэнні гэтай праблемы”, - сцвердзіў ён.

Кардынал Паралін нагадаў пра ўвагу Святога Айца да кліматычных праблем, сведчаннем чаго з’яўляюцца два яго важныя дакументы на экалагічную тэматыку – энцыкліка Laudato si’, якая пабачыла свет перад кліматычнай канферэнцыяй ААН у Парыжы і адгартацыя Laudate Deum, якая выйшла напярэдадні саміта ў Дубаі.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што ў барацьбе з кліматычнымі зменамі Апостальская Сталіца настойвае на двух аспектах: у першую чаргу на змене стылю жыцця. Ён заўважыў, што толькі інвестыцый для аховы экалогіі недастаткова – трэба змяніць лад жыцця, каб не шкодзіць прыродзе, а быць адказнымі распарадчыкамі дару, які Бог даручыў чалавецтву. Другі аспект – адукацыя: неабходна вучыць новыя пакаленні па-іншаму выкарыстоўваць рэсурсы гэтага свету, - заўважыў кардынал П’етра Паралін.

 

07 лістапада 2023, 13:14