Пошук

Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыканскіх музеях пройдзе выстава Антоніа Кановы

24 кастрычніка 2023 года ў Ватыканскіх музеях адбудзецца прэзентацыя новага выставачнага праекта, прысвечанага творчасці знакамітага італьянскага скульптара Антоніа Кановы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Антоніа Канова быў вельмі шматграннай асобай, не толькі мастаком, але і супэрінтэндантам папскай мастацкай калекцыі. Ватыканскія музеі шмат у чым яму абавязаны. Ён адыграў фундаментальную ролю ў вяртанні шэдэўраў, вывезеных падчас напалеонаўскай акупацыі.

На думку дырэктара Ватыканскіх музеяў Барбары Яты, Антоніа Канова быў ключавым персанажам папскай палітыкі ў галіне культуры, валодаў адметнымі арганізацыйнымі якасцямі, духам служэння і прыхільнасцю да абароны і захавання даручанай яму мастацкай спадчыны.

Выставачная ініцыятыва прапануе наведвальнікам выключную магчымасць пазнаёміцца з майстэрствам Кановы, творчасць якога аказала значны ўплыў на яго сучаснікаў і паслядоўнікаў. З нагоды выставы было вырашана адкрыць для публікі Залу дам (Sala delle Dame) – адзін з самых вытанчаных музейных пакояў, які дагэтуль быў недаступны для наведвальнікаў. Створаная ў перыяд з 1608 па 1609 год па даручэнню Паўла V, гэтая зала была ўпрыгожана выдатнымі фрэскамі італьянскім мастаком Гвіда Рэні. Зараз у ёй размесцяцца творы і эскізы Антоніа Кановы, у асноўным на рэлігійную тэматыку, а таксама творы блізкіх да яго мастакоў Джузэпэ дэ Фабрыса і Цынцыната Баруцы.

У Зале XVII ватыканскай Пінакатэкі будзе адноўлена атмасфера майстэрні Антоніа Кановы, які ў 1783 годзе заснаваў сваё атэлье ў Рыме. Яго студыя лічылася абавязковым месцам наведвання сярод тагачасных дыпламатаў, арыстакратаў, інтэлектуалаў, а таксама маладых скульптараў, якія імкнуліся атрымаць каштоўныя парады майстра.

Астатняя частка экспазіцыі размесціцца ў розных музейных залах і будзе пазначана тлумачальнымі панэлямі, якія дазволяць наведвальнікам паглыбіцца ў творчасць Антоніа Кановы.

21 кастрычніка 2023, 14:36