Пошук

Лагатып ААН Лагатып ААН 

Святы Пасад у ААН: вяршэнства закона – аснова справядлівасці і міру

“Усякае справядлівае грамадства павінна грунтавацца на прынцыпе вяршэнства закона, дзе менавіта закон, а не адвольнае жаданне асоб стаіць на першым месцы”, - нагадаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у пасяджэнні шостага камітэта Генеральнай асамблеі ААН, якое было прысвечана стану права на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Сустрэча адбылася 19 кастрычніка 2023 года ў Нью-Ёрку.

“Ніякая асоба ці група, незалежна ад статуса, не павінны прэтэндаваць на права парушаць годнасць і правы іншых людзей або супольнасцей. Вяршэнства закона па сваёй сутнасці заключае ў сабе ідэю абмежавання ўлады. Гэта патрабуе захавання прынцыпаў роўнасці перад законам, падсправаздачнасці, справядлівага прымянення закону, падзелу ўладаў, удзелу ў прыняцці рашэнняў, прававой пэўнасці, незалежнай судовай працэдуры, прадухілення самавольства, а таксама празрыстасці як працэсуальных, так і юрыдычных пытанняў. Святы Пасад паслядоўна прапагандуе вяршэнства права як важную аснову справядлівасці, міру і чалавечай салідарнасці”, - сказаў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.

Іерарх нагадаў словы Францішка пра тое, што місія ААН заключацца ў “развіцці і прасоўванні вяршэнства права, заснаваным на ўсведамленні таго, што справядлівасць – гэта важная ўмова для дасягнення ідэалу ўсеагульнага братэрства”. “Справядлівасць неабходная для пабудовы ўсеагульнага братэрства і свету, у якім канфлікты вырашаюцца мірным шляхам і дзе не дзейнічае закон больш моцнага”, - сказаў ён, дадаючы, што вяршэнству закона спрыяюць перамовы, пасярэдніцтва і арбітраж.

Арцыбіскуп Кача згадаў пра шматлікія ўзброеныя канфлікты, што пярэчаць фундаментальным прынцыпам, на якіх пабудаваны міжнародны парадак; пра трывожнае павелічэнне колькасці выпадкаў гвалтоўнага захопу ўлады ў парушэнне ўсталяванага канстытуцыйнага парадку; пра ўмацаванне інтэнсіўнасці і размаху грамадзянскіх канфліктаў. “Гэтыя падзеі не павінны аслабляць нашу прыхільнасць вяршэнству закона”, - сказаў дыпламат, нагадваючы словы Папы пра тое, што яно “служыць чалавечай асобе і мае на мэце абарону кожнага”. “Такім чынам, не можа быць выключэнняў з вяршэнства закону нават у надзвычайных сітуацыях”, - сцвердзіў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў ААН.

Іерарх заклікаў забяспечыць павагай да фундаментальных правоў самыя ўразлівыя слаі насельніцтва, а таксама паставіць на службу вяршэнству закона тэхналагічны прагрэс. “Выкарыстоўваючы тэхналогіі, мы можам стварыць больш падсправаздачныя інстытуты і ліквідаваць разрыў паміж вяршэнства закона і тымі, хто, магчыма пазбаўлены яго пераваг”, - сказаў ён, звяртаючы таксама ўвагу на небяспекі, якія можа несці неналежнае выкарыстанне лічбавых тэхналогій.
 

20 кастрычніка 2023, 10:34