Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: адукацыя – важны фактар устойлівага развіцця

У выхаваўчай сферы роля бацькоў з’яўляецца незаменнай і неад’емнай, яна не можа быць цалкам дэлегавана іншым ці ўзурпіравана іншымі, - падкрэсліў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў ААН.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, прысвечаным праблемам адукацыі і выхавання. Ён падкрэсліў, што гэта тэма тычыцца “фундаментальнага фактару для ўстойлівага развіцця, што дазваляе кожнаму чалавеку набыць неабходныя кампетэнцыі для таго, каб напоўніцу ўдзельнічаць у жыцці грамадства”.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў, што інвестыцыі ў адукацыю з’яўляюцца жыццёва важнымі. Ён заклікаў таксама аказваць належную падтрымку сем’ям – фундаментальным ячэйкам грамадства і першым школам грамадскага жыцця.

“Бацькі – гэта першыя выхавацелі і яны маюць права і адказнасць забяспечваць сваім дзецям атрыманне належнага і цэласнага выхавання, якое будзе спрыяць іх дабрабыту на ўсіх узроўнях чалавечага жыцця – фізічным, ментальным, маральным, духоўным і сацыяльным”, - сказаў ён.

Адсутнасць адукацыі і выхаванне перашкаджае людзям выйсці з заганнага кола беднасці, - нагадаў прадстаўнік Папы, заклікаючы міжнародную супольнасць умацаваць намаганні на карысць выкаранення беднасці і рэалізацыі мадэлі развіцця, сканцэнтраванай на чалавеку і скіраванай на агульнае дабро.

Галоўная мэта адукацыі – дазволіць кожнаму чалавеку цалкам раскрыць свой патэнцыял, засвоіць фундаментальныя цноты і каштоўнасці. Адукацыя “дапамагае пакласці канец адчужэнню і аднавіць тканку адносін на карысць чалавецтва, здольнага размаўляць на мове братэрства”. Адукацыйныя праграмы павінны прасоўваць не толькі агульначалавечае братэрства, але таксама культуру клопату і аховы нашага супольнага дома.

“Святы Пасад асабліва праз нястомную працу шматлікіх школ, універсітэтаў і каталіцкіх адукацыйных структур ва ўсім свеце, працягне рабіць свой уклад, каб гарантаваць усім доступ да якаснай адукацыі, у адпаведнасці з годнасцю чалавечай асобы і нашым супольным пакліканнем да братэрства”, - завяршыў свой зварот у ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача.
 

12 кастрычніка 2023, 10:03