Пошук

Паола Руфіні падчас брыфінгу аб ходзе Сінода Біскупаў Паола Руфіні падчас брыфінгу аб ходзе Сінода Біскупаў 

Сінод: малітва за ахвяр вайны і сведчанне ратавальнікаў мігрантаў

Удзельнікі XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў працягваюць абменьвацца думкамі адносіна выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам. “Няма ніякая палярызацыі, гэта досвед дзялення”, - сказаў журналістам Паола Руфіні.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 кастрычніка 2023 года прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня Інфармацыйнай камісіі Сінода правёў брыфінг у Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Ён распавёў, што шостая генеральная кангрэгацыя распачалася малітвай за ахвяр узброеных канфліктаў. Звярталася ўвага на “небяспеку крывавай вайны”, звязанай з насіллем у сектары Газа і Ізраілі.

Руфіні заўважыў, што пэўнага роду сустрэча ў “малой групе”, адбылася днём раней у папскай ватыканскай рэзідэнцыі – Доме святой Марты: на абед з Пантыфікам была запрошана група бедных з Рыма, якая прыбыла разам з кардыналам Конрадам Краеўскім, прэфектам Дыкастэрыі па міласэрным служэнні. У іх спыталі: чаго вы чакаеце ад Касцёла? – Адказам было: “Любові, толькі любові”, - падзяліўся прадстаўнік Святога Пасаду.

Удзельнікі Сінода памаліліся Анёл Панскі, просячы аб заступніцтве ў святога Яна XXIII у сувязі з яго літургічным успамінам і гадавінай адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора. Канадскі кардынал Жэраль Сіпрыян Лакруа ў сваім звароце да сабраных у Зале Паўла VI звярнуў увагу на існаванне пераемнасці паміж падзеяй амаль 60-гадовай даўніны і цяперашнім Сінодам Біскупаў. “Метадалогія, якую выкарыстоўваем, скіравана на слуханне Пана, Яго слова, Яго прысутнасць у кожным ахрышчаным і гэта дазваляе нам быць адкрытымі на іншага і на іншых”, - сказаў арцыбіскуп Квебека.

Паола Руфіні заўважыў, што сярод тэм, якія ўздымаліся на форуме, асаблівая ўвага надавалася пытанню міру і народаў, якія пакутуюць ад вайны. Адзначалася, што “хрысціяне могуць быць знакам міру і прымірэння ў свеце, знявечаным войнамі і гвалтам”.

Іншая тэма, якая хвалюе ўдзельнікаў Сінода – клопат пра людзей у нястачы. Яны выказвалі пажаданне, каб Касцёл быў на баку бедных, простых людзей, мігрантаў, ахвяр кліматычных змен, а таксама жанчын, якія ў некаторых частках свету лічацца “грамадзянамі другога гатунку” і патрабуюць абароны ад злоўжыванняў. Гаворка ішла пра важнасць барацьбы з сексуальным насіллем і блізкасці да яго ахвяр.

Удзельнікі Сінода задаваліся пытаннямі пра тое, як рэалізоўваць душпастырства гомасексуальных пар і разведзеных людзей, застаючыся вернымі навучанню Касцёла. Яны падкрэслівалі патрэбу ў адмаўленні ўсякіх форм гамафобіі. Некаторыя ўдзельнікі сходу падкрэслівалі, што “многія цяжкасці нараджаюцца ад няведання рэальнасці і асабістага шляху асобных людзей”.

Гаворачы пра міграцыйны выклік, частка біскупаў прасіла дапамогі ў іншых епіскапатаў, якія знаходзяцца ў лепшай сітуацыі з пункту гледжання інтэграцыі і прыняцця мігрантаў. Адзначалася важнасць інтэграцыі гэтых людзей у новыя грамадствы, а таксама павагі з іх боку да законаў краін, якія іх прымаюць.

Падчас брыфінгу сведчаннем падзяліўся Лука Казарыні, заснавальнік італьянскай грамадскай арганізацыі Mediterranea Saving Humans, якая займаецца ратаваннем людзей у моры. Ён заўважыў, што пасярод марскіх хваль сустракаюцца два віды беднасці: беднасць эканамічная і сацыяльная, якая прымушае людзей уцякаць у пошуку лепшай долі, і сумная беднасць свету, які лічыць нармальным жах і больш няздольны плакаць над дзецьмі, якія гінуць. “Гэтыя дзве беднасці дапамагаюць адна адной і ствараюць прастору для таго, што мы павінны сёння адчайна шукаць у свеце нянавісці – для любові. Я такім чынам сустрэў Езуса і Бога”, - прызнаўся італьянскі актывіст, які прымае ўдзел у Сінодзе ў якасці спецыяльнага госця.
 

12 кастрычніка 2023, 09:25