Пошук

Падчас Сінода Біскупаў Падчас Сінода Біскупаў  (ANSA)

Сінадальны брыфінг: Касцёл і свет заснаваны на розных прынцыпах

Уклад жанчын у жыццё Касцёла, неабходнасць імкнення да міру і пакоры ў слуханні, важны ўдзел Лацінскай Амерыкі ў Сінодзе – гэта некаторыя актуальныя тэмы, у рамках дыскусій на Сінодзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дакумент з абагульненнем вынікаў сінадальных абмеркаванняў будзе апублікаваны 28 кастрычніка 2023 года ўвечары. Гэта было агучана падчас ватыканскага брыфінгу 25 кастрычніка 2023 года.

У сустрэчы з журналістамі ўдзельнічаў і амерыканскі кардынал Роберт Прэвост, які працаваў у Перу, а цяпер з’яўляецца прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў і старшынёй Папскай камісіі па Лацінскай Амерыцы.

Ён адзначыў, што ў Лацінскай Амерыцы значна больш вернікаў удзельнічала ў сінадальным працэсе на дыяцэзіяльным узроўні, чым у сярэднім у іншых краінах свету. Іерарх падкрэсліў важнасць дыялогу, які вядзецца ў атмасферы ўзаемнага даверу, і пільную неабходнасць у тым, каб католікі вучыліся слухаць адно аднаго, разам шукаючы праўды.

Журналісты, якія ўдзельнічалі ў брыфінгу, задавалі пытанні, у тым ліку аб уключэнні свецкіх вернікаў у працэс прыняцця рашэнняў адносна пасвячэння ў біскупы і ролі жанчын у Касцёле.

Адказваючы на гэтыя пытанні, кардынал Прэвост праінфармаваў аб працы, якую вядуць дзве розныя камісіі адносна ўдзелу свецкіх людзей і жанчын у місіі Касцёла, адзначыўшы пры гэтым, што факт выканання жанчынамі абавязкаў прэм’ер-міністраў ці прэзідэнтаў не азначае неабходнасці ўвядзення гэтага ў Касцёле, заснаваным на іншых прынцыпах. “Няпраўда, што жанчыны, паколькі яны не выконваюць пэўных функцый, не маюць значэння ў Касцёле”, - сказаў іерарх.

Уздымалася таксама пытанне адносна абмежаванай колькасці ўдзельнікаў сінадальнага працэсу, якая не перавышала аднаго працэнта ад усіх вернікаў Каталіцкага Касцёла, што можа быць вынікам недастатковай уцягнутасці ў гэты працэс парафіяльных супольнасцей.

Рэагуючы на гэта, кардынал Прэвост адзначыў, што цяперашняя сінадальная асамблея не мае на мэце перагляду касцёльных структур – яна прысвечана дыскусіі аб духоўным і харызматычным вымярэнні Касцёла і таго, як лепш працягваць яго місію ў будучыні.

Сінадальная асамблея пачала абмеркаванне дакумента, які змяшчае канчатковы сінтэз матэрыялаў. Яго публікацыя пасля прыняцця шляхам галасавання была анансавана на вечар суботы, 28 кастрычніка 2023 года.

Прыкладна 40-старонкавы дакумент, сёння даступны ўдзельнікам Сінода на італьянскай і англійскай мовах, пазней будзе перакладзены на некалькі іншых моў. У яго, мяркуецца ўключыць апісанне бягучых этапаў сінадальнага працэсу, які пачаўся ў кастрычніку 2021 года, а завершыцца ў кастрычніку 2024 года.
 

26 кастрычніка 2023, 13:21