Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новы сайт Папскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме

Адна з чатырох Папскіх базілік Рыма – базіліка Санта-Марыя-Маджорэ – мае новы сайт. Ён пачаў дзейнічаць 7 кастрычніка 2023 года – ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Наш храм мае тры вялікія ўваходныя брамы. Новы сайт – гэта быццам чацвёртая брама базілікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме. Гэта брама дапамагае дасягнуць большай колькасці людзей, якія дзякуючы інтэрнэт-старонцы жадаюць больш даведацца пра духоўнае, мастацкае і гістарычнае багацце святыні”, - сказаў у інтэрв’ю Vatican News арцыбіскуп Раландас Макрыцкас, Надзвычайны ўпаўнаважаны па справах базілікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме.

Партал www.basilicasantamariamaggiore.va мае сем моўных версій: італьянскую, англійскую, іспанскую, французскую, нямецкую, партугальскую і польскую. Ён з’яўляецца функцыянальным і даступным з розных прылад. Карыстальнікі могуць перамяшчацца па двух макрарадзелах: пастырска-літургічным і гісторыка-мастацкім.

На інтэрнэт-старонцы, створанай у супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па камунікацыі, змяшчаецца інфармацыя пра капітул базілікі, пра супольнасці і аб’яданні, пра хор і іншыя структуры, якія дзейнічаюць пры ёй, а таксама пра музейныя каштоўнасці гэтага старажытнага храма. “Пры распрацоўцы сайта ўлічваўся і эстэтычны аспект, які павінен адлюстроўваць прыгажосць святыні”, - заўважыла ў каментары для ватыканскіх СМІ Северыя Кубілюс, архівістка базілікі, якая прымала ўдзел у стварэнні сайта.

Арцыбіскуп Макрыцкас заўважыў, што “кожны раз, калі мы гаворым пра папскую базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, мы перш за ўсё гаворым пра санктуарый”. “Больш за тое, гэта быў першы касцёл у Еўропе, які быў афіцыйна абвешчаны марыйным санктуарыем”, - сказаў літоўскі іерарх, дадаючы, што задача новага сайта – умацоўваць повязь, якую вернікі на працягу многіх стагоддзяў маюць з гэтым храмам.
 

10 кастрычніка 2023, 10:45