Пошук

Рымская базіліка святога Віталія Рымская базіліка святога Віталія  (Maria Milvia Morciano)

Папская акадэмія распачынае цыкл тэалагічных сустрэч

3 кастрычніка 2023 года ў рымскай базіліцы святых Віталія, Валерыя, Гервазія і Пратасія пройдзе першая сустрэча “Тэалагічная святліца” (Сenacoli teologici), арганізаваная Папскай тэалагічнай акадэміяй.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мэта ініцыятывы – даць адказ на наступныя пытанні: ці сталі мы больш салідарнымі альбо больш эгаістычнымі пасля пандэміі і ў час вайны, якая непазбежна вядзе да збяднення людзей? Ці імкнемся мы быць супольнасцямі альбо жывем індывідуалістычна, зачыняючыся ў нашых эгаістычных інтарэсах і не клапоцячыся пра пакуты і патрэбы іншых? Ці павінна хрысціянская вера заставацца такой, як і раней, альбо неабходна змяніць час, мову і формы сведчання, каб яна зноў выклікала давер?

Сустрэчы ў Тэалагічнай святліцы можна ўявіць сабе як дынамічныя касцёльныя мікраструктуры, у якіх практыкуецца разважлівая, інтэлектуальная вера. Гаворка не ідзе пра “салоны для інтэлектуалаў", а пра невялікія інклюзіўныя касцёльныя супольнасці, у якіх практыкуецца разважанне ў святле Евангелля над такімі тэмамі, як Бог, збаўленне ў Хрысце, любоў, справядлівасць, салідарнасць, мір, эканоміка, права, экалогія і палітыка.

Тэалагічныя сустрэчы будуць абапірацца на вучэнне Францішка (пачынаючы з Lumen Fidei і заканчваючы Fratelli tutti) з выкарыстаннем такіх моў мастацкага ўвасаблення, як поп-музыка, жывапіс, кінематаграфія, літаратура і паэзія.

Сустрэчы ўзначаліць старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі, біскуп Антоніа Стальяно. Прыняць удзел у ініцыятыве могуць усе жадаючыя.

Мерапрыемствы пройдуць у наступныя дні: 3 кастрычніка 2023 года, 7 лістапада 2023 года, 5 снежня 2023 года, 9 студзеня 2024 года, 6 лютага 2024 года, 5 сакавіка 2024 года, 9 красавіка 2024 года, 7 мая 2024 года, 4 чэрвеня 2024 года. Пачатак у 19.30.

Завершыцца ініцыятыва ва ўрачыстасць прысвячэння базілікі 19 чэрвеня 2024 года ў 18.30.

Адрас парафіі, у якой пройдуць сустрэчы: Via Nazionale 194/b.

03 кастрычніка 2023, 10:51