Пошук

Ксёндз Марка Рупнік Ксёндз Марка Рупнік 

Папа адмяніў тэрмін даўнасці па справе ксяндза Рупніка

Францішак звярнуўся да Дыкастэрыі веравучэння з просьбай перагледзець справу ксяндза Марка Рупніка і вырашыў скасаваць тэрмін даўнасці, каб даць магчымасць правесці судовы працэс, - паведаміла Зала Друку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У верасні Папская камісія па абароне непаўналетніх праінфармавала Папу аб сур’ёзных праблемах у разглядзе справы святара і адсутнасці кантактаў з пацярпелымі.

“Пантыфік цвёрда перакананы, што калі Касцёл і павінен нечаму навучыцца ў Сінода, дык гэта ўважліваму і спагадліваму стаўленню да тых, хто пакутуе, асабліва да тых, хто адчувае сябе маргіналізаваным з боку Касцёла", - гаворыцца ў заяве Святога Пасада.

Былога езуіта Рупніка абвінавачваюць у сексуальных злоўжываннях адносна некалькіх жанчын. Нядаўна ён быў прыняты ў славенскую дыяцэзію Копер. З заявай на гэты конт 26 кастрычніка 2023 года выступіў мясцовы біскуп Юрый Бізяк. Ён прызнаўся, што прыняў рашэнне па просьбе самога святара. Пры гэтым ён паведаміў, што не валодае ніякімі дакументальнымі сведчаннямі, якія б афіцыйна пацвярджалі, што Рупнік быў прызнаны касцёльным або дзяржаўным судом вінаватым у здзяйсненні інкрымінаваных яму дзей.

“Кожны чалавек, абвінавачаны ў здзяйсненні злачынства, мае права лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не будзе даказана ў адпаведнасці з законам падчас публічнага судовага працэсу, у якім яму даюцца ўсе неабходныя сродкі абароны”, - сказаў славенскі іерарх.
 

28 кастрычніка 2023, 11:36