Пошук

Удзельнікі праграмы "Камунікацыя веры ў лічбавым свеце" Удзельнікі праграмы "Камунікацыя веры ў лічбавым свеце" 

Напярэдадні Сінода Біскупаў у Рыме сустрэліся маладыя журналісты

Маладыя спецыялісты ў галіне камунікацыі з Бразіліі, В'етнама, Нігерыі і іншых краін свету сустрэліся ў Ватыкане напярэдадні Сінода Біскупаў. Яны прынялі ўдзел у вучэбнай праграме "Камунікацыя веры ў лічбавым свеце. Сінадальная перспектыва".

Марыя Валодзіна - Vatican News

Куратарам праграмы выступіла ватыканская Дыкастэрыя па камунікацыі. Ініцыятыва накіравана на папулярызацыю лепшых практык у сферы духоўнага выхавання. Яна імкнецца натхніць маладых журналістаў на пошук новых і эфектыўных спосабаў абвяшчэння Евангелля ў віртуальным свеце.

Удзельнікі сустрэчы – 16 хлапцоў і дзяўчат, якія працуюць у сферы камунікацыі – сустрэліся ў Рыме пасля некалькіх месяцаў анлайн-заняткаў. У Вечным горадзе іх чакала насычаная праграма: наведванне чатырох Папскіх базілік, Ватыканскага радыё і Ватыканскіх музеяў.

Напрыканцы агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 27 верасня 2023 года на плошчы святога Пятра, маладых журналістаў прывітаў Францішак. 30 верасня яны бралі ўдзел у экуменічным малітоўным чуванні Together, якое прайшло напярэдадні XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

На думку Летысіі Араўха з Бразіліі, асістэнта па камунікацыі руху Laudato si', сустрэча з калегамі з розных рэгіёнаў свету дала ім "магчымасць вучыцца адзін у аднаго”.

Па словах супрацоўніка прэс-службы Сайгонскай архідыяцэзіі Там Буі з В'етнама, гэтая магчымасць “надзвычайна ўзбагачае”, дазваляе ўмацаваць узаемаразуменне і абмяняцца ведамі па такім тэмам, як камунікацыя, літургія, моладзь і іншыя. Ён таксама падзяліўся досведам арганізацыі малітоўнага чування ў сваёй дыяцэзіі.

Журналіст-фрылансер з Нігерыі Эмануэль Данатус адзначыў, што сустрэча натхніла яго на працу і звярнула ўвагу на такія пытанні, як важнасць слухання і неабходнасць заўсёды паведамляць праўду.

Маладыя журналісты ў Дыкастэрыі па камунікацыі
Маладыя журналісты ў Дыкастэрыі па камунікацыі

 

02 кастрычніка 2023, 13:00