Пошук

Кардынал Марыё Грэк і Папа Францішак Кардынал Марыё Грэк і Папа Францішак  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Грэк: Касцёл пакліканы быць прыладай любові Бога

“Любоў Бога – гэта лек, які можа аздаравіць сучаснае параненае чалавецтва”, а місія Касцёла заключаецца ў тым, каб быць знакам гэтай любові, - падкрэсліў кардынал Марыё Грэк.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

4 кастрычніка 2023 года Генеральны сакратар Сінода Біскупаў выступіў з уступным словам падчас цырымоніі адкрыцця XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму: На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія, якая распачалася ў Ватыкане.

Іерарх заўважыў, што “сёння Касцёл знаходзіцца на раздарожжы”, а неадкладны выклік, што стаіць перад ім, не мае “тэалагічнай ці эклезіялагічнай прыроды”, а тычыцца таго, “як у гэты гістарычны момант гісторыі Касцёла ён можа стаць знакам і прыладай любові Бога да кожнага чалавека”.

Кардынал падкрэсліў, што сход пакліканы быць для Касцёла “моцным знакам сінадальнасці”, якому спадарожнічае “слуханне Божага слова, у “святле Традыцыі”, каб зразумець волю Бога для сённяшняга дня.

Па словах іерарха, Сінод адлюстроўвае касцёльнае адзінства вакол Біскупа Рыма, якое прадстаўляюць дэлегаты ўсіх епіскапатаў, а таксама свецкія вернікі, законнікі і законніцы, дыяканы і святары, што ўдзельнічаюць у асамблеі. “Давайце папросім Духа, каб адметнасці паклікання, служэнняў і жыццёвага стану, багацце дароў і харызматаў, гарманічная разнайстайнасць служылі адзінству асамблеі. Такім чынам асамблея стане знакам і будзе таксама прыладай, больш здольнай да служэння, якое паклікана аказаць Касцёлу і свету”, - заахвоціў кардынал Грэк, нагадваючы, што ўдзельнікі Сінода павінны працягваць шукаць адказ на пытанне, якое спадарожнічае ўсяму сінадальнаму працэсу: “Якія крокі Дух запрашае зрабіць нас як сінадальны Касцёл?”.
 

04 кастрычніка 2023, 18:30