Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Арцыбіскуп Галахер паразмаўляў з Міністрам замежных спраў Ірана

Занепакоенасць сітуацыяй у Святой Зямлі і заклік не пашыраць канфлікт – змест размовы паміж Сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і кіраўніком іранскага знешнепалітычнага ведамства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

30 кастрычніка 2023 года адбылася тэлефонная размова паміж арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, і Хасэйнам Амірам-Абдалахіянам, Міністрам замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран. Яна прайшла па просьбе іранскага міністра.

Падчас размовы “арцыбіскуп Галахер выказаў сур’ёзную занепакоенасць Святога Пасаду падзеямі ў Ізраілі і Палестыне, падкрэсліваючы абсалютную неабходнасць у пазбяганні пашырэння канфлікту і дасягненні рашэння, якое прадугледжвае існаванне дзвюх дзяржаў дзеля стабільнага і трывалага міру на Блізкім Усходзе”, - паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

З пачатку абвастрэння канфлікту ў Святой Зямлі Францішак неаднаразова заклікаў да спынення агню, а таксама размаўляў на гэту тэму па тэлефоне з Прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
 

30 кастрычніка 2023, 12:35