Пошук

XVI генеральная кангрэгацыя Сінода Біскупаў па сінадальнасці XVI генеральная кангрэгацыя Сінода Біскупаў па сінадальнасці  (Vatican Media)

Айцец Рэдкліф: Сінод – гэта дрэва, пра якое трэба клапаціцца

Сінод – не бітва, у якой трэба перамагчы, а дрэва, пра якое трэба клапаціцца, - з такім духоўным разважаннем звярнуўся да ўдзельнікаў XVI генеральнай кангрэгацыі Сінода Біскупаў айцец Цімаці Рэдкліф.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Праз некалькі дзён мы вернемся дадому на адзінаццаць месяцаў. Магчыма, гэта будзе перыяд пустога чакання. Але, па ўсёй верагоднасці, гэта будзе і самы плённы час Сінода, час прарастання насення”. "Самыя каштоўныя дары атрымліваюць не ў пошуку, а ў чаканні", - сказаў дамініканін, прыводзячы ў прыклад Сару, жонку Абрагама.

Айцец Рэдкліф папярэдзіў удзельнікаў Сінода аб рызыцы "палітыка-партыйнага мыслення", запрашаючы іх не паддавацца ціску тых, хто схільны палярызаваць любую дыскусію і выключаць меркаванні іншых. "Ці прынясуць нашы словы плён або стануць атрутнымі? Ці будзем мы садоўнікамі будучыні або апынёмся ў пастцы старых марных канфліктаў? Кожны з нас зробіць гэты выбар", - сказаў былы генерал дамініканскага ордэна.

Спасылаючыся на некалькі евангельскіх урыўкаў, сястра Ігнацыя Анджэліні звярнула ўвагу на важнасць "прыпавесцяў, а не пракламацый". Неабходна знайсці "кропку судакранання Яго прысутнасці з нашым досведам", каб трансцэндэнтная таямніца не была чужой чалавеку. На думку італьянскай бенедыктынкі, прыпавесці раскрываюць нам стыль Хрыста, калі такая драбніца, як насенне, пшанічнае зерне, становіцца “носьбітам будучыні”. Сястра Анджэліні лічыць, што "цярплівая праца" гэтых дзён дазволіць Сіноду "адважыцца на сінтэз, як на пасеў, каб адкрыць шлях да рэформы – новай формы, якой патрабуе жыццё".

Аўстралійскі тэолаг, ксёндз Орманд Раш параўнаў цяперашні Сінод Біскупаў з Другім Ватыканскім Саборам. "На працягу гэтых трох тыдняў у мяне склалася ўражанне, што некаторыя з вас змагаюцца з паняццем традыцыі ў святле вашай любові да ісціны", - сказаў ён. Гэтак жа рабілі і айцы Сабора. Тое, што іх адказы сталі "аўтарытэтным кіраўніцтвам для нашых разважанняў" па сённяшніх пытаннях, гаворыць аб тым, што Другі Ватыканскі Сабор дае "некалькі ўрокаў гэтаму Сіноду, які імкнецца абагульніць сваё разуменне будучыні Касцёла".

Спасылаючыся на разважанні Ёзэфа Ратцынгера, ксёндз Раш нагадаў, што айцы Другога Ватыканскага Сабора абмяркоўвалі, ці варта настойваць на "антымадэрнізме", гэта значыць "амаль неўратычным адмаўленні ўсяго новага", ці, прыняўшы ўсе неабходныя меры для абароны веры, перавярнуць старонку і пачаць новую пазітыўную сустрэчу са сваімі вытокамі і сучаснасцю. Большасць удзельнікаў выказалася за апошняе. Таму, на думку аўстралійскага тэолага, “можна нават казаць пра Сабор як пра новы пачатак", пераход ад статычнага да дынамічнага разумення традыцыі, якое не спыняецца ў мінулым, але "рэалізуецца ў сучаснасці" і "адкрыта для будучыні".

Менавіта ў сучаснасці, а не ў мінулым, Бог "праз прасвятленне і сілу Святога Духа рухае чалавецтва да новых успрыманняў, новых пытанняў і новых прасвятленняў", - сказаў ксёндз Раш. Гэты Сінод "з'яўляецца дыялогам з Богам. У гэтым прывілей і выклік вашай гутаркі са Святым Духам. Бог чакае вашага адказу", - сказаў аўстралійскі тэолаг удзельнікам Сінода.

23 кастрычніка 2023, 15:25