Пошук

Лагатып малітоўнага чування Together Лагатып малітоўнага чування Together 

У Ватыкане прайшла прэзентацыя перадсінадальнага чування

У Ватыкане журналістам прадставілі праграму малітоўнага чування Together, якое будзе папярэднічаць Сіноду Біскупаў па сінадальнасці ў суботу 30 верасня 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мерапрыемства на плошчы святога Пятра падрыхтавала экуменічная Супольнасць Тэзэ. У ім прымуць удзел кіраўнікі хрысціянскіх канфесій. Сустрэча адкрытая для ўсіх.

Вігілія перад сінодам пачнецца а 18.00, аднак, плошча святога Пятра будзе адкрыта для вернікаў з 14.30. На працягу гэтага часу прагучаць сведчанні і малітвы.

Акрамя Папы Францішка, у экуменічным чуванні прымуць удзел тры праваслаўныя Патрыярхі, тры прадстаўнікі старажытных Усходніх Цэркваў, кіраўнік Англіканскай Царквы, генеральны сакратар Сусветнай лютэранскай федэрацыі, кіраўнік Старакаталіцкіх Цэркваў і тры прадстаўнікі евангельскіх пяцідзясятніцкіх супольнасцей.

Пасля малітоўнага чування ўсе ўдзельнікі Сінода будуць запрошаны ў Залу Паўла VI на вячэру, арганізаваную Канферэнцыяй Біскупаў Італіі. У той жа вечар яны адправяцца ў Сакрафана каля Рыма, дзе да 3 кастрычніка застануцца на рэкалекцыях. Іх узначаляць айцец-дамініканін з Англіі Цімаці Рэдкліф і бэнэдыктынка з Італіі Марыя Ігнацыя Анджэліні.

На прэс-канферэнцыі ў Ватыкане таксама была прадстаўлена папярэдняя праграма і метадалогія сустрэч у рамках Сінода. Яны будуць падзелены на пяць тэматычных блокаў, якія ўключаць у сябе агульныя кангрэгацыі і дыскусіі ў моўных групах.
 

09 верасня 2023, 10:51