Пошук

Штаб-кватэра ААН у Жэневе Штаб-кватэра ААН у Жэневе 

Святы Пасад у ААН: правы чалавека – гэта аб'ектыўныя каштоўнасці

“Новыя правы”, такія як аборт, не набываюць легітымнасці толькі таму, што большасць людзей або дзяржаў падтрымліваюць іх, - нагадаў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра на агульных дэбатах падчас 54-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пастаянны прадстаўнік Святога Пасада пры ААН у Жэневе нагадаў, што ў 2023 годзе міжнародная супольнасць будзе адзначаць 75-ю гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Ён падкрэсліў, што "правы чалавека – гэта не проста прывілей, які даецца асобным людзям са згоды міжнароднай супольнасці", а хутчэй уяўляюць сабой "аб'ектыўныя і пазачасавыя каштоўнасці, неабходныя для развіцця чалавечай асобы".

"Новыя правы" не набываюць легітымнасці большасцю галасоў

Ватыканскі дыпламат адзначыў, што "нават калі некаторыя кампаніі або міжнародная супольнасць адмовяцца прызнаць адно альбо некалькі правоў чалавека, абвешчаных у Дэкларацыі, гэта не змяншае каштоўнасці гэтага права і не вызваляе нікога ад яго абароны". Але і так званыя "новыя правы" таксама не набываюць легітымнасці "толькі таму, што большасць людзей або дзяржаў сцвярджаюць іх", - папярэдзіў прадстаўнік Святога Пасада, прывёўшы ў якасці прыкладу такога памылковага ўяўлення так званае права на аборт, якое “штогод перарывае 73 мільёна нявінных чалавечых жыццяў”.

Маргіналізацыя найбольш уразлівых

Арцыбіскуп Балестрэра лічыць трагічным той факт, што праз 75 гадоў пасля прыняцця Дэкларацыі “многія з нашых братоў і сясцёр усё яшчэ пакутуюць з-за войнаў, канфліктаў, голаду, забабонаў і дыскрымінацыі". Ён асудзіў адсутнасць духу братэрства, калі “той, хто слабы, бедны або лічыцца пазбаўленым каштоўнасці ігнаруецца, маргіналізуецца ці нават разглядаецца як пагроза, якую неабходна ліквідаваць". Па гэтай прычыне юбілей Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека "дае важную магчымасць паразважаць над тымі асноўнымі прынцыпамі, якія ляжаць у аснове абароны правоў чалавека".

Падтрымка ўсеагульных правоў бедных і слабых

Па словах прадстаўніка Святога Пасада, неабходна змагацца “з культурай адкідаў” - з тэндэнцыяй дыскрымінацыі і маргіналізацыі найбольш уразлівых, каб гарантаваць іх правы і дазволіць ім квітнець і ўносіць свой уклад у агульнае дабро. Напрыканцы прамовы дыпламат спаслаўся на энцыкліку Fratelli tutti, у якой Пантыфік заклікае ўзяць на сябе абавязацельства “жыць і вучыць каштоўнасцям павагі да іншых, любові, здольнай прымаць любыя адрозненні, і прыярытэту годнасці кожнага чалавек перад любымі ідэямі, меркаваннямі, дзеяннямі і нават грахамі”.

14 верасня 2023, 11:19